Беларускі бок не прыняў гуманітарны канвой з Польшчы
Беларускі бок не прыняў гуманітарны канвой з Польшчы. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў: “МЗС Польшчы накіраваў фармальна ноту і, нават не чакаючы адказу, ужо на граніцу паехаў нейкі канвой, быццам бы Беларусь не сувярэнная дзяржава і адказу чакаць ня трэба”. Цягам 17-ці дзён уцекачы знаходзяцца на мяжы Польшчы і Беларусі блізу вёскі Уснар на Падляшшы. Глаз заявіў, што мігранты знаходзяцца на польскім баку. Польшча настойвае, што на беларускім.
Сітуацыю пракаментаваў прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі:
„Так, ёсць такая адмова, і да нашага здзіўлення ёсць пэўная адмова прыняць падтрымку з польскага боку ў гуманітарных мэтах, гэта людзі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, таму Беларусь цалкам адказвае за іх як згодна з міжнародным правам, так і проста па-чалавечы. Мы маем дачыненне са спецыяльна падрыхтаванай акцыяй з боку рэжыму Лукашэнкі, і каб адпаведным чынам супрацьстаяць гэтай акцыі, давайце абараняць сваю мяжу належным чынам”.
І яшчэ выказванне віцэ-міністра замежных спраў Польшчы Марціна Пшыдача:
„Мы атрымалі пазіцыю беларускага боку, мы атрымалі копіі дыпламатычнай ноты, з якой відавочна, што няма згоды беларускага боку на перасячэнне гуманітарным канвоем польска-беларускай мяжы, адначасова змест гэтай нататкі змяшчае шэраг звестак, якія супярэчаць папярэднім пазіцыям беларускага боку. Беларускі бок змяняе сваю пазіцыю, змяняе колькасць гэтай групы, што таксама пацвярджаецца нашымі сведкамі, афіцэрамі памежнай службы, якія знаходзяцца там для аховы польскай мяжы, групы знаходзяцца пад нашым назіраннем. Заявы беларускага боку таксама мяняюць нацыянальнасць гэтых мігрантаў”.
Марцін Пшыдач дадаў, што гэтыя факты сведчаць пра адназначнае нежаданне беларускага боку вырашаць сітуацыю з уцекачамі на мяжы.
Беларускае Радыё Рацыя