Беларускі Чырвоны Крыж могуць выключыць з Міжнароднай федэрацыі



Адносна Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у бліжэйшы час будуць прыняты беспрэцэдэнтныя меры ізаляцыі. Магчыма прыпыненне членства БТЧК у Міжнароднай федэрацыі або яго поўнае выключэнне, паведамляе кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.

Латушка звяртае ўвагу, што старонка сайта БТЧК, дзе былі пазначаны міжнародныя партнёры і донары арганізацыі, больш не даступная.

«Гэта з’яўляецца безумоўным следствам міжнароднай ганьбы і ціску, на які вырак БТЧК яе кіраўнік Дзмітрый Шаўцоў, які прыехаў на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны ў вайсковай форме з літарай «Z» на рукаве – сімвалам расейскай агрэсіі», – заяўляе Латушка.

Нагадаем, кіраўнік БТЧК Дзмітрый Шаўцоў з’ездзіў у акупаваны Расеяй Марыупаль і з’явіўся там у адзенні з сімвалам акупантаў Z. Таксама ён заявіў, што Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа заявіла, што не мае дачынення да паездак Шаўцова на Данбас і папрасіла БТЧК у далейшым устрымацца ад падобных дзеянняў.

reform.by