Беларускі культурны цэнтр магчыма з’явіцца ў Познані
28 верасня ў Познані адбылася сустрэча Паўла Латушкі з маршалкам Велькапольскага ваяводства Маркам Вазняком.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел кіраўнік асацыяцыі беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў у Польшчы AIST Сяргей Панфілаў і прадстаўніца беларускай дыяспары, кіраўніца Інстытута Беларускай Думкі Яніна Яшчук.
Як паведамілі ў АПК, мясцовыя ўлады польскага рэгіёна падтрымалі прапанову аб стварэнні ў Познані беларускага культурнага цэнтра, з якой выступілі беларусы, якія жывуць у горадзе.
У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі таксама пытанне вызначэння ўпаўнаважанага па сувязях з беларускай дыяспарай ва Упраўленні маршалка, у тым ліку для ўстанаўлення рэгулярных сустрэч па праблемных пытаннях, якія ўзнікаюць у беларусаў.
У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі праблемы і перспектывы развіцця беларускага бізнесу. У Польшчы ўжо зараз дзейнічае каля 6000 фірм з беларускім удзелам, многія з іх працуюць у Познані і Велькапольскім ваяводстве. Познань з’яўляецца цэнтрам прадпрымальніцтва Польшчы. Вялікапольскае ваяводства займае першае месца ў Польшчы па колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў на тысячу жыхароў. Сёння стаіць задача садзейнічаць развіццю беларускага бізнесу ў ваяводстве, а таксама пашыраць магчымасці для арганізацыі ў гэтым рэгіёне сваёй справы беларускімі прадпрымальнікамі і рамеснікамі.