Беларускі левы фронт: Беларусі не патрэбен прэзідэнт



“Беларусі не патрэбен прэзідэнт, краінай павінна кіраваць Народная Рада”, – заявілі ультралевыя, якіх аб’ядноўвае незарэгістраваны Беларускі левы фронт (БЛФ). Разам з тым, беларускія ўльтралевыя абяцаюць вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Па іх словах, гэта будзе прадстаўнік працоўнай інтэлігенцыі. У выніку перамогі ён ліквідуе пасаду прэзідэнта.

Лідар Беларускага левага фронту Дзмітрый Кудранок, які ў 2012 годзе пакінуў краіну пасля пераследу за арганізацыю забастоўкі на “Пінскдрэве”, адзначае, што галоўнае – вярнуць беларусам права зменьваць уладу і чыноўнікаў:

– Крыніцай улады з’яўляецца народ. Народ аддае ў рукі ўладу, ён жа  мае права спытаць пра вынікі. Якія дасягненні ў нашай улады за 20 гадоў бяззменнага кіравання краінай? Безумоўна, за гэты час зроблена шмат. Але ў людзей забралі галоўнае – магчымасць выбіраць сабе ўладу, магчымасць з яе патрабаваць і магчымасць мяняць. Цяжкія часы і асаблівы рэжым не могуць для людзей і краіны цягнуцца дзесяцігоддзямі.

Сваю заяву ўльтралевыя актыўна распаўсюджваюць праз сацыяльныя сеткі і паведамляюць, што ў хуткім часе на буйных прадпрыемствах краіны з’явіцца агітацыйная літаратура.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя