„Беларускі левы фронт” пачынае акцыю “Беларусы хочуць дадому”
“Беларусы хочуць дадому” – такую назву мае бестэрміновая акцыя па зборы подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, якую ў сацыяльных сетках абвесцілі беларускія ўльтралевыя. Сэнс зварота ў тым, каб паказаць, што з-за кепскай сацыяльна-эканамічнай палітыкі сотні тысяч беларусаў вымушаны шукаць заробку па ўсім свеце.
“Беларусы стаміліся шукаць хлеба ў замежных краінах, яны хочуць годна жыць і працаваць у сваёй краіне”, – кажа лідар незарэгістраванай арганізацыі „Беларускі левы фронт” Дзмітрый Кудранок:
– Па розных ацэнках Беларусь пакінулі да мільёна беларусаў, многа ці мала – не мне вызначаць. Лепш спытаць пра гэта блізкіх людзей тых, хто ў пошуках кавалка хлеба быў вымушаны пакінуць радзіму і паехаць на чужыну. Навучаныя горкім вопытам тых, хто аднойчы падпісаў штосьці падобнае і трапіў пад рэпрэсіі, гэтым разам працэс збору подпісаў мы зрабілі максімальна галосным. Людзі стаміліся ад пустых абяцанняў, ім надакучыла соўгацца з торбамі па Расеі, Польшчы, Чэхіі, Германіі – практычна па ўсяму свету. Людзі стаміліся і яны хочуць дамоў.
Акрамя гэтага, „Беларускі левы фронт” абяцае вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты на сёлетніх выбарах. Ультралевыя ўпэўнены, што толькі левы кандыдат здольны кансалідаваць беларусаў і стаць для народа гарантыяй станоўчага стабільнага выхаду з сацыяльна-эканамічнай прорвы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя