Беларускі левы фронт заявіў пра падрыхтоўку да страйка



Актывізаваць працоўны рух намагаюцца беларускія ўльтралевыя. Незарэгістраваны Беларускі левы фронт заявіў пра падрыхтоўку “Агульнанацыянальнага працоўнага страйка-2017”. Ён мусіць адбыцца на буйных прадпрыемствах краіны ў вызначаны дзень, які вядомы толькі актывістам на месцах.

Агучаны тры асноўныя патрабаванні: адмена кантрактнай сістэмы, стварэнне сапраўдных, а не штучных прафсаюзаў і галоўнае пытанне – павышэнне заробку, – кажа лідар ультралевых Дзмітрый Кудранок:

– Дайце людзям заробленыя грошы! Іх адказам можа быць сапраўды павелічэнне заробкаў, якія людзі сапраўды зарабілі, альбо маўчанне ці ўзмацненне рэпрэсій, на што мы таксама гатовыя адказаць. Гэта не з’яўляецца нейкімі масавымі беспарадкамі. Гэта пасыл уладзе Рэспублікі Беларусь.

Па словах старшыні Беларускага левага фронту, падрыхтоўка вядзецца ў надзвычай складаных умовах, вымагае шмат канспірацыі, але на сённяшні дзень да страйка дакладна гатовыя далучыцца шэсць буйных прадпрыемстваў краіны. Гэта будзе цалкам нечаканы дзень, – гаворыцца ў заяве ўльтралевых.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя