Беларускі МЗС занепакоены маршам у Гайнаўцы



Міністэрства замежных спраў Беларусі заклапочанае планамі польскіх праварадыкалаў правесці марш у Гайнаўцы, заявіў 22 лютага на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык. „Адзін з дзеячаў, якому яны хочуць аддаць пашану, — гэта верхавод бандфарміравання Рамуальд Райс па мянушцы Буры, ён быў ваенным злачынцам„, — сказаў Мірончык.Гэта не проста наша меркаванне — гэта меркаванне і адназначная выснова Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы„, — дадаў ён.

Спецыяльна створаная структура, Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, канстатавала, што дзеянні Бурага — гэта злачынства з прыкметамі генацыду, заўважыў прэс-сакратар. „На сумленні Райса дзясяткі спаленых разам з жыхарамі беларускіх вёсак і сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян, сярод якіх — жанчыны, дзеці, старыя. Яны былі знішчаныя або знявечаныя толькі таму, што належалі да беларускага этнасу і мелі праваслаўнае веравызнанне. Нішто не можа апраўдаць генацыд„, — падкрэсліў Мірончык.

Ён таксама адзначыў, што Гайнаўка — гэта польскі горад, дзе большасць насельніцтва мае беларускія карані. „Яшчэ жывыя нашчадкі ахвяраў злачынстваў Бурага. Нам трэба штучнае распальванне варожасці паміж беларусамі і палякамі? Трэба нагнятанне напружанасці на нацыянальнай і канфесійнай глебе? Ці ўсё ж такі нам патрэбны гістарычны дыялог, які толькі пачаў развівацца паміж нашымі краінамі?” — задаў пытанні прэс-сакратар беларускага МЗС.

У польскім нацыянальным пантэоне дастаткова герояў, рыцараў без страху і папроку, у тым ліку — агульных для нашых двух народаў, — дадаў Мірончык. — Упэўнены, у ім не павінна быць месца ваенным злачынцам, людзям, чые рукі па локаць у крыві бязвінных ахвяр, у тым ліку жанчын і дзяцей. Хоць вырашаць гэта, вядома, польскаму народу„.  БелаПАН