Беларускі нацыянальны кангрэс назаве кандыдата на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах
У сярэдзіне студзеня Беларускі нацыянальны кангрэс (не зарэгістраваны ў Беларусі) назаве свайго кандыдата на ўдзел у чарговых прэзідэнцкіх выбарах, паведаміў БелаПАН адзін з лідараў арганізацыі Мікалай Статкевіч.
Кангрэс быў створаны ў маі 2016 года апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Сустаршынямі рады БНК з’яўляюцца Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. У кангрэс уваходзяць 14 рэгіянальных кааліцый.
„Рада БНК 17 студзеня плануе сабрацца, каб абмеркаваць прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах і іх стратэгіі перамогі, — сказаў Статкевіч. — Мы асцерагаемся паўтарэння сітуацыі 2015 года, калі кандыдаты ў прэзідэнты ўдзельнічалі ў выбарах не дзеля перамогі, а для таго, каб пасля іх пацвердзіць перамогу Лукашэнкі”.
У БНК разумеюць, што выбараў у Беларусі няма, падкрэсліў палітык. „Але ігнараваць палітычную кампанію нельга. Мы будзем выкарыстоўваць яе, каб дамагчыся сапраўдных выбараў”, — дадаў ён.
У заяве рады БНК, прынятай 20 снежня, адзначаецца, што „наступае вызначальны час для Беларусі”. Улада давяла краіну „да эканамічнага калапсу” і „замест эканамічных рэформаў ліхаманкава шукае грошы, каб не дапусціць сацыяльных выбухаў і бунтаў”. „Беларусь апынулася на мяжы канчатковай страты незалежнасці”, — гаворыцца ў заяве. На думку БНК, „змена ўлады — гэта адзіная магчымасць захаваць і абараніць незалежнасць Беларусі і вярнуць краіну на цывілізаваны шлях развіцця”.
У найбліжэйшыя два гады ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Згодна з заканадаўствам, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта — не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым не выключана, што адна з выбарчых кампаній можа адбыцца ў 2019 годзе.