Беларускі нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня (абноўлена)



Кангрэс, як вулічная акцыя. А гэта толькі пацвярджае пазіцыю Мікалая Статкевіча, з якой ён прыйшоў у палітыку. Так аналітык Валерый Карбалевіч у нашым эфіры пракаментаваў заклікі выйсці на плошчу. Беларускі нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня ў сталічным скверы Янкі Купалы, бо аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Цяпер кангрэс ператвараецца ў вулічную акцыю. Каментуе Валерый Карбалевіч:

– Стратэгія таго ж Мікалая Статкевіча палягае на выкарыстанні вуліцы як галоўнага чынніка палітычнага змагання. Гэта яго стратэгія, з яе ён і зыходзіць. Улады заўсёды неахвотна давалі апазіцыі нейкае памяшканне. А тут гаворка ідзе пра людзей, якія дастаткова радыкальна ставяцца да ўлады. Маю на ўвазе Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева.

Палітыкі-ініцыятары Беларускага нацыянальнага кангрэса заклікаюць кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур, якія не падтрымалі правядзенне кангрэса, прыйсці ў сквер Янкі Купалы ў якасці беларускіх грамадзян і падтрымаць патрабаванні за свабоду правядзення мірных сходаў.

* * *

Беларускі нацыянальны кангрэс пройдзе 15 траўня ў сталічным скверы Янкі Купалы. Пра гэта заявілі члены аргкамітэта кангрэса 12 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Рашэнне правесці кангрэс на адкрытым паветры было прынятае пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. «Ёсць палітычнае рашэнне ўладаў, накіраванае на зрыў кангрэса, — заявіў член аргкамітэта Мікалай Статкевіч. — Лічым, нам кінуты выклік, мы яго прымаем. Кангрэс набывае новы акцэнт — гэта будзе не толькі пачатак працэсу аб’яднання апазіцыі, гэта будзе яшчэ і наш унёсак у барацьбу людзей за правядзенне мірных сходаў».

Аргкамітэт заклікаў грамадзян прыйсці ў нядзелю апоўдні да помніка Янку Купалу ў аднайменны сквер і падтрымаць дэлегатаў кангрэса ў іх барацьбе за права на мірныя сходы.

Аргкамітэт таксама звярнуўся да кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін. «Многія з вас убачылі станоўчыя змены ва ўладзе. Прыйдзеце і пераканайцеся, ці так гэта», — сказаў Статкевіч.

Акрамя таго, аргкамітэт заклікаў кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур, якія не падтрымалі правядзенне кангрэса, прыйсці ў сквер Янкі Купалы ў якасці беларускіх грамадзян і падтрымаць патрабаванні за свабоду правядзення мірных сходаў.

Член аргкамітэта Уладзімір Някляеў удакладніў, што ў сувязі з немагчымасцю правядзення паўнавартаснага пасяджэння кангрэса 15 траўня адбудзецца яго ўстаноўчая сесія. Пры гэтым дэлегатам будзе прапанавана абраць пастаянна дзейны орган — савет кангрэса, уключыўшы туды прадстаўнікоў рэгіёнаў і цэнтральных органаў дэмакратычных партый і арганізацый.

Суарганізатар аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэсу першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, кажа, што будзе імкнуцца далучыцца да удзельнікаў:

— Я не прыхільнік таго, каб кангрэс адбываўся ля помніка. Можа гэта ўжо гады ў мяне сталыя. Але, калі маладыя і энергічныя людзі так вырашаюць, я буду імкнуцца да іх далучыцца. Я быў бы прыхільнікам, каб кангрэс у нас быў сур′ёзны, з дэталёвым абмеркаваннем сітуацыі, а без памяшкання гэта зрабіць немагчыма, бо многа ахвотных і мы вызначылі там і квоты, і парадак абрання. Пры нашай уладзе не могуць людзі трапіць на кангрэс і нельга правесці кангрэс. Я быў бы прыхільнікам, каб ён адбыўся недзе… можа нават у Вільні.

Як паведамлялася раней, арганізатары кангрэса спрабавалі знайсці памяшканне для яго правядзення, але ўсюды атрымлівалі адмову. «Распарадчыкі дзяржаўных памяшканняў адразу палохаліся, шмат хто проста казаў, што ў іх на найбліжэйшыя месяцы ўсе памяшканні занятыя, хоць падчас нашага наведвання усе яны былі вольныя. А ўладальнікі прыватных памяшканняў шчыра прызнаюцца, што не жадаюць праблем», — распавёў Статкевіч.

Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання для правядзення кангрэса.

Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. Апрача іх на сённяшні дзень у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН