Беларускіх дэпутатаў запрасілі ў Польскі Сейм
Першы еўрапейскі візіт беларускіх дэпутатаў ў Польшчу выглядае лагічным – кажа палітычны эксперт Павел Усаў. Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў наведае Польшчу па запрашэнні Сейму 30 студзеня — 2 лютага 2017 года. Ачоліць дэлегацыю намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.
Гэты візіт можа стаць перамогай для беларускіх дэпутатаў і паразай для польскіх, – кажа Павел Усаў:
– На жаль, можна казаць пра пэўныя аўтарытарныя з’явы ў польскай унутранай палітыцы, і менавіта гэта становіцца вынікам таго, што польскія ўлады шукаюць магчымасцяў збліжэння з беларускім аўтарытарным рэжымам. Ствараецца такая вось Беларусь-Польшча-Венгрыя, то бок, тыя палітычныя сістэмы, дзе ва ўладзе знаходзяцца ў пэўным сэнсе антыліберальныя палітычныя эліты.
Беларуская дэлегацыя абмяркуе з польскімі ўладамі парламенцкую і рэгіянальную супрацу, эканоміку і развіцьё супрацоўніцтва ў адукацыі, малы памежны рух ды шэраг іншых пытанняў.
Летась Беларусь наведалі дзьве парламенцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са спікерам Сенату Польшчы Станіславам Карчэўскім у снежні, і на чале з віцэ-спікерам Сейму Рышардам Тарлецкім у жніўні.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя