Беларускім СМІ не хапае роўных умоў
Патрэбная далейшая лібералізацыя гэтай сферы, каб незалежныя мас-медыя не трывалі пераследу. Пра гэта заявіў у кулуарах падчас сустрэчы беларускай апазіцыі з польскімі сенатарамі галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша ніва” Андрэй Дынько.
– Было б вельмі важна, каб беларускамоўныя сродкі масавай інфармацыі працягвалі развівацца, каб ствараліся роўныя ўмовы для дзейнасці ўсіх СМІ, каб далейшая дэмакратызацыя і лібералізацыя ў гэтай сферы заставаліся на парадку дня. Для гэтых СМІ патрэбны толькі роўныя ўмовы, каб іх не пераследавалі.
Таксама Дынько пракаментаваў выказванне старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча пра небяспеку ад карты паляка.
– Мне прыкра бачыць, як многія мае суайчыннікі дзеля карты паляка гатовыя адрачыся ад сваёй беларускай нацыянальнасці і запісацца палякам. На маю думку, гэта непатрыятычна. Сумленна было б беларусам перастаць быць Мікітамі Зносакамі.
Гаворачы пра паляпшэнне афіцыйных стасункаў між Беларуссю і Польшчай, рэдактар “НН” заўважыў, што ў гэтым дачыненні Варшава праводзіць самастойную палітыку: “Хутчэй Варшава ўказвае Бруселю, чым Брусель Варшаве”.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск