Беларускія банкі заблакавалі рахункі Антона Матолькі і Паўла Латушкі



Сёння стала вядома пра блакіроўку рахункаў у беларускіх банках Антона Матолькі і Паўла Латушкі.

«”Альфа-Банк” першым заблакаваў усе мае рахункі ў Беларусі (хаця ў паведамленні па вайберы чамусьці пішуць, што „зняты арышт”. Гэта добра, што я паспеў аплаціць „падатак” па ІП зранку. Цяпер афіцыйна: Мінфін быў праспансаваны кандыдатам на ўключэнне ў тэрарысты (па меркаванні КДБ)». Дапоўнена: «”Прыёрбанк” таксама заблакаваў карту/рахунак», — напісаў Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале.

Крыху пазней Павел Латушка паведаміў, пра блакіроўку свайго рахунка ў «МТБанку». «Паводле маіх звестак, гэта звязана з узбуджэннем крымінальнай справы па арт. 289 частка 3 „Акт тэрарызму”, — напісаў ён. — Цалкам абсурднае і незаконнае абвінавачанне. Прававы дэфолт».

Нагадаем, 10 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да Матолькі распачатая справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, распачатая справа паводле ч. 3 арт. 130 КК «у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, з ліпеня 2020 года з дапамогай створанага і кіраванага ім тэлеграм-канала». А таксама ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»). Паведамлялася таксама, што следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС «атрыманыя доказы аб датычнасці блогера А.Матолькі да ўчынення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжаных арт. 293 („Масавыя беспарадкі”) і арт. 342 („Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) КК».

29 сакавіка тэлеграм-канал Матолькі прызнаны экстрэмісцкім.

Паўла Латушку КДБ уключыў у спіс тэрарыстаў 2 красавіка на падставе абвінавачання па ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса («Акт тэрарызму»), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў або пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання.

novychas.by