Беларускія добраахвотнікі правялі брыфінг у Вярхоўнай Радзе



12 красавіка народны дэпутат Украіны Ігар Гузь разам з беларускімі добраахвотнікамі: байцом Тактычнай групы Беларусь пры „Добраахвотніцкай Украінскай арміі” Янам Мельнікавым і Іллёй Хрэнавым з палка „Азоў” правялі брыфінг ў сценах Вярхоўнай Рады Украіны.

13006509_1683586951895059_2630573181879079003_n

Ігар Гузь звярнуўся да кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы і праваахоўных органаў з патрабаваннем не выдаваць дазвол на экстрадыцыю замежных грамадзянаў, якія ваявалі за Украіну на Данбасе. Дэпутат адзначыў, што зараз у Рэспубліцы Беларусь адбываюцца надзвычайныя падзеі – нядаўна ў бацькоў беларускіх добраахвотнікаў прайшлі ператрусы і на іх сем’і працягваецца псіхалагічны ціск, а ва Украіне ім пагражае экстрадыцыя.

„Ёсць такая інфармацыя. Фактычна беларускае КДБ і Прэзідэнт Лукашэнка хоча і спрабуе паўплываць на ўкраінскую ўладу, каб вярнуць добраахвотнікаў у Беларусь, а там адпаведна іх чакаюць суды”, – адзначыў Ігар Гузь.

Народны дэпутат паведаміў, што ён з калегамі ў парламенце ініцыюе падачу законапраекта пра мараторый на экстрадыцыю грамадзян замежных дзяржаў, якія ваявалі за Украіну. „Гэта – прынцыповае пытанне і мы павінны абараніць хлопцаў, якія рызыкуюць жыццём за цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы. Многія з іх страцілі там жыццё. І што атрымліваецца? Наша дзяржава пагражае добраахвотнікам пайсці на супрацоўніцтва з „карнымі” органамі Рэспублікі Беларусь і „здаць” гэтых хлопцаў у турму. Прашу кіраўніцтва дзяржавы „не граць у такія гульні”. У бліжэйшы час мы ўнясём адпаведны законапраект у Вярхоўную Раду „, – заявіў дэпутат.

Ян Мельнікаў распавёў, што ён на фронце з самага пачатку ваенных дзеянняў на Усходзе Украіны, ваяваў за Краснаармейск і Аўдзееўку. „Дзякуючы нам гэтыя гарады засталіся ўкраінскімі. Затым быў у „гарачых кропках” у вёсках Пескі і Белакаменка. Мы прыехалі на дапамогу брацкаму народу. Мы разумеем, што сёння Украіна, якая ўзяла на сябе ўдар, адстойвае не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы ўсёй Усходняй Еўропы. І мы змагаемся на ўкраінскім боку, адстойваючы свабоду Беларусі. Але цяпер падвергліся рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў. У нашых сем’ях – ператрусы і маральны ціск на бацькоў. І Расія, і Беларусь ажыццяўляюць палітычны ціск на сем’і добраахвотнікаў. Я звяртаюся да ўкраінскіх дэпутатаў прыняць нашу петыцыю на заканадаўчым узроўні ў якасці нарматыўна-прававога дакумента, які дасць нам гарантыю ад незаконнай экстрадыцыі”, – заявіў добраахвотнік.

Ілля Хрэнаў, інструктар палка „Азоў” дадаў: „Такіх як мы, шмат у іншых добраахвотніцкіх батальёнах. Просім дапамогі ва ўкраінскіх уладаў у стварэнні легалізаванага дабравольніцкага батальёну, дзе будуть сабраныя ўсе замежныя добраахвотнікі, якія прыехалі бараніць цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы”. Таксама беларускія добраахвотнікі падзякавалі за магчымасць выказаць сваю пазіцыю ў сценах Вярхоўнай Рады Украіны.

Нагадаем, што 4 красавіка Палата прадстаўнікоў Беларусі ўнесла змены ў заканадаўства краіны да артыкула „найміцтва”. Калі раней законам наймітамі лічыліся людзі, якія за ўдзел у вайне ў іншай краіне атрымлівалі грошы, то наймітамі могуць быць прызнаныя і асуджаныя людзі, якія ваявалі не за грошы, а па ідэйных матывах.

[youtube id=”dNB-h2Rj1ok”]