Беларускія і брытанскія вайскоўцы правялі сумесную трэніроўку



На палігоне 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Лосвіда працягваецца сумесная беларуска-брытанская трэніроўка.

Як паведамлялася, у трэніроўцы задзейнічаныя вайскоўцы міратворчай роты 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады і 28 ваеннаслужачых 42-га батальёна марской пяхоты Узброеных сіл Вялікабрытаніі.

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінабароны, вайскоўцы дзвюх краін „абменьваюцца вопытам па шэрагу кірункаў”. Так, ужо прайшлі заняткі па медыцынскай, тактычнай, інжынернай, агнявой падрыхтоўцы. Пры гэтым розныя элементы баявой падрыхтоўкі дэманструюць як беларускія, так і брытанскія вайскоўцы. Да прыкладу беларускія міратворцы прадэманстравалі брытанскім калегам навыкі эвакуацыі параненых, агнявой падрыхтоўкі.

У абаронным ведамстве Беларусі падкрэслілі, што трэніроўка прадугледжаная ў межах двухбаковага супрацоўніцтва па пытаннях падрыхтоўкі беларускіх міратворцаў. „Гэта асабліва актуальнае з пункта гледжання запланаванага пашырэння ўдзелу Беларусі ў міратворчай дзейнасці ААН, — адзначае прэс-служба Мінабароны. — Падобныя мерапрыемствы з брытанскім бокам праводзяцца рэгулярна з 2018 года на тэрыторыі абедзвюх краін”.

Як адзначыў аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі падпалкоўнік Тымафі Уайт-Бойкат, трэніроўка не з’яўляецца часткай якіх-небудзь шматбаковых вучэнняў і скіраваная выключна на навучанне асабістага складу і абмен вопытам.

„Нам вельмі прыемна працаваць разам з калегамі з Беларусі, — падкрэсліў аташэ. — Не сумняваюся, што абодва нашы бакі возьмуць для сябе шмат новага. Важна, каб было паразуменне ў сферы міратворчасці. Прыемна і тое, што беларусы бяруць удзел у спаборніцтвах Cambrian Patrol, што праводзяцца ў нашай краіне, і заўсёды паказваюць толькі высокія вынікі. Гэта сведчыць аб іх высокім узроўні падрыхтоўкі”.

Найбліжэйшымі днямі ўдзельнікі абмяняюцца вопытам у выкананні элементаў тактычнай і інжынернай падрыхтоўкі. На заключным этапе трэніроўкі пройдуць комплексныя заняткі.

belapan.by