Беларускія і расейскія тылавікі практыкуюцца ў супольных дзеяннях перад вучэннямі



Спецыяльныя вучэнні сіл і сродкаў тылавога і тэхнічнага забеспячэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі праходзяць 23—27 жніўня на 230-м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі (Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці), у навучальным цэнтры „Лесішча”, на аэрадромным участку трасы Менск — Магілёў у Менскай вобласці, а таксама ў пунктах пастаяннай дыслакацыі шэрагу воінскіх часцей, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Вучэнні праводзяцца для праверкі гатовасці і здольнасці органаў кіравання, а таксама сіл і сродкаў тэхнічнага і тылавога забеспячэння дзвюх краін да сумесных дзеянняў. Акрамя таго, іх мэтай з’яўляецца падрыхтоўка да сумесных стратэгічных вучэнняў „Захад-2021”.

Беларускія і расійскія вайскоўцы адпрацуюць пытанні „тэхнічнага прыкрыцця аб’ектаў на ваенна-аўтамабільных дарогах і чыгуначных кірунках, арганізацыі дарожна-каменданцкай службы на маршрутах руху, інжынерна-аэрадромнага і аэрадромна-тэхнічнага забеспячэння пасадкі лятальных апаратаў на аэрадромны ўчастак дарогі і іх паўторнага вылету, абсталявання ўчасткаў загрузкі боепрыпасаў на аўтатранспарт з выкарыстаннем сродкаў механізацыі пагрузачных работ, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання і функцыянавання палявога магістральнага трубаправода, участкаў масавай запраўкі тэхнікі, а таксама выпечкі і выдачы хлеба і іншыя”.

Падчас вучэнняў будуць даследаваныя асаблівасці арганізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ва ўмовах падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў вайскоўцамі дзвюх краін.

Адзначаецца, што ў практычных дзеяннях да вучэнняў прыцягнуць больш за 1,3 тыс. вайскоўцаў, звыш 200 адзінак спецыяльнай і аўтамабільнай тэхнікі.

БелаПАН