Беларускія каталікі патрабуюць спыніць пераслед арцыбіскупа Кандрусевіча



Беларускія каталікі пачалі ў інтэрнэце збор подпісаў пад адкрытым лістом да ўладаў з патрабаваннем спыніць палітычны пераслед кіраўніка беларускага каталіцкага біскупства, мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

„Мы, каталіцкія вернікі Беларусі, балюча ўспрынялі беспадстаўныя і бяздоказныя абвінавачванні ў „атрыманні кансультацый, як разбураць краіну” на самым высокім узроўні ў адрас Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліта Менска-Магілёўскага, нашага арцыпастыра, — адзначаецца ў лісце. — Мітрапаліт Тадэвуш з’яўляецца бясспрэчным маральным аўтарытэтам для вернікаў каталіцкага касцёла ў Беларусі, а таксама для многіх вернікаў іншых канфесій і людзей без канфесійнай прыналежнасці”.

Каталікі падкрэслілі, што арцыбіскуп Кандрусевіч „заўсёды з’яўляўся ўзорам сапраўднага хрысціяніна і навучаў у духу Евангелля, ён ніколі не агітаваў ні за якія палітычныя сілы, ён заклікаў выключна да сумленнага жыцця ў праўдзе”. Тым не менш, адзначылі яны, „ужо больш за два месяцы мітрапаліт Тадэвуш, з’яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не можа трапіць на сваю радзіму і бесперашкодна ажыццяўляць свае пастырскія функцыі”.

„Мы, каталіцкія вернікі Беларусі, заклікаем улады Рэспублікі Беларусь спыніць палітычна матываваны і нічым не абгрунтаваны пераслед нашага арцыпастыра, перастаць няславіць добрае імя мітрапаліта Тадэвуша беспадстаўнымі абвінавачваннямі і не чыніць яму перашкодаў для ўезду на радзіму. Мы маем спадзеў на тое, што голас беларускіх католікаў будзе пачуты”, — гаворыцца ў адкрытым лісце (па стане на 11.00 пад ім падпісаліся больш за 130 чалавек).

На сустрэчы з кіраўніком Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Веніямінам 2 лістапада ў Менску Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: „Калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі — няхай гэта будзе грамадская, няхай гэта будзе рэлігійная — будзе нацэленая на разбурэнне дзяржавы, <…> вядома, я вымушаны буду рэагаваць”. „Прыкладам таму з’яўляецца настаяцель каталіцкай царквы. Ездзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну, нікому не будзе дазволена. Нікому. Я хачу, уладыка, каб вы разумелі маю пазіцыю”, — сказаў Лукашэнка.

Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 11 жніўня, арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт. 15 жніўня ён звярнуўся да Лукашэнкі і чыноўнікаў з заклікам пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях невінаватых грамадзян”.

На мітынгу ў сваю падтрымку ў Гародні 22 жніўня Лукашэнка парэкамендаваў духавенству „пасталець і заняцца сваёй справай”, а таксама заявіў, што „цэрквы, касцёлы не для палітыкі”. Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”: „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”.

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без растлумачэння прычын, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. На наступны дзень Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч „нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы задачы, вяртаўся ў Беларусь, але трапіў у спіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі”.

Каментуючы гэтыя выказванні ў інтэрв’ю catholic.by, генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў, што арцыбіскуп Кандрусевіч „можа выязджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад папы Францішка, але не ад каго-небудзь іншага, напрыклад, у Варшаве, у Маскве ці дзесьці яшчэ”. Касабуцкі падкрэсліў: паездка арцыбіскупа ў Польшчу была звязаная перш за ўсё з запрашэннем узяць там удзел у шэрагу ўрачыстых набажэнстваў.

У сярэдзіне верасня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў журналістам, што ведамства высвятляе моманты, звязаныя з магчымай наяўнасцю ў арцыбіскупа дзейнага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі.

Кандрусевіч, ураджэнец Беларусі, на момант развалу Савецкага Саюза служыў у Расеі, адпаведна атрымаў расійскае грамадзянства. Неўзабаве пасля прызначэння на Менска-Магілёўскую кафедру ў 2007 годзе каталіцкі іерарх адмовіўся ад расійскага грамадзянства на карысць беларускага.

Вырашаць праблему з вяртаннем іерарха на радзіму ў Беларусь 11—14 верасня прыязджаў сакратар па адносінах Святога пасада з дзяржавамі Пол Рычард Галахер, аднак перамовы з чыноўнікамі, у тым ліку міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, відавочных вынікаў не далі.

Цяпер мітрапаліт Менска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Саколцы, якая знаходзіцца прыкладна за 15 км ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.

belapan.by