Беларускія хрысціянскія дэмакраты рыхтуюцца да юбілею



Нацыянальная Рада Беларускай хрысціянскай дэмакратыі зацвердзіла план адзначэння 100-годдзя БХД. Цягам году пройдзе шмат мерапрыемстваў, але галоўным чынам неабходна ўшанаваць памяць славутых дзеячоў БХД. З гэтай мэтай ва ўсіх абласцях Беларусі пройдуць сустрэчы з актывістамі і краязнаўцамі, будуць выраблены і распаўсюджаны буклеты пра жыццё і дзейнасць паўсотні найбольш выбітных асобаў гістарычнай БХД – кажа адзін з лідараў партыі Павел Севярынец:

– Асноўныя мерапрыемствы – гэта ўшанаванне памяці дзеячоў легендарнай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая існавала з 1917 па 1939 год у Заходняй Беларусі. Многія з гэтых дзеячоў былі знішчаныя ў гестапа, у ГУЛАГу, большасць лідараў заплаціла сваімі жыццямі. Ушанаваць іх памяць па ўсёй Беларусі, а гэта больш за 50 гарадоў, – гэта наш святы абавязак. Гэта крыжы, набажэнствы, мемарыяльныя дошкі, перайменаванні вуліцаў. Рыхтуем цэлы спектр мерапрыемстваў у тых мясцінах, дзе нарадзіліся або дзейнічалі сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

Таксама да юбілею БХД  вядзецца падрыхтоўка і выданне кніг “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” і зборніка біяграфій “100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. Пройдуць гістарычныя экскурсіі для вернікаў, святароў, сябраў і прыхільнікаў БХД у Менску і 30-ці гарадах Беларусі, канцэртны тур, гістарычная канферэнцыя, юбілейны З’езд БХД ды іншыя мерапрыемствы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kurjer.info