Беларускія міратворцы прыступілі да „выканання задач” у Казахстане



Беларускія вайскоўцы пачалі міратворчую місію ў Казахстане. Як паведаміла Мінабароны, яны пачалі „выкананне задач па ахове шэрагу важных аб’ектаў ваеннай інфраструктуры Казахстана”.

Ілюстрацыйнае фота.

Сцвярджецца, што вайскоўцы міратворчых сіл АДКБ не будуць наводзіць парадак у краіне. Таму грамадзяне Беларусі, якія ўдзельнічаюць у місіі, выконваюць „пастаўленыя задачы ў планавым рэжыме”. Няштатных сітуацый не зафіксавана, — піша Мінабароны.

Беларускія вайскоўцы, якія дзейнічаюць у складзе міратворчых сіл АДКБ, прыбылі ў Казахстан 7 студзеня. Па словах міністра абароны Хрэніна, з беларускага боку ў місіі бяруць удзел толькі вайскоўцы па кантракце. Гэта міратворчая рота са складу 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. У ёй увесь час служаць 100 чалавек, але пры неабходнасці склад роты павялічваецца да 300 чалавек.

Аляксандр Лукашэнка днямі заявіў, што беларускія вайскоўцы адправіліся ў Казахстан, каб „дапамагчы казахам спыніць братазабойчую вайну”. Колькасць затрыманых у выніку пратэстаў у Казахстане на гэты момант   перавысіла 4 тысячы 400 чалавек.