Беларускія палітыкі і палітолагі сустрэліся з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Томаш Арлоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх апазіцыйных партый і рухаў. У сустрэчы, у прыватнасці, удзельнічалі Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, а таксама вядомыя беларускія палітолагі – Аляксандр Класкоўскі, Валерый Карбалевіч, Дзяніс Мельянцоў ды іншыя.
Як распавёў намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны:
– Шырокі спектр пытанняў абмяркоўваўся. Перадусім сітуацыя ў Беларусі. Намеснік міністра цікавіўся планамі апазіцыі на бліжэйшую палітычную кампанію, таксама цяпершнім станам, наколькі прасоўваюцца справы па аб’яднанні апазіцыі, па вылучэнні адзінага кандыдата. Таксама было заяўлена, што пытанне наяўнасці палітвязняў і адсутнасці дэмакратыі ў Беларусі не застануцца без увагі польскага боку.
Акрамя таго, у ходзе размовы з намеснікам кіраўніка МЗС Польшчы некалькі разоў уздымалася тэма сітуацыі ва Украіне ў беларускім кантэксце. Нагадаем, раней у ходзе візіту ў Менск Томаша Арлоўскага адбылася яго сустрэча з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Беларускае знешнепалітычнае ведамства паведаміла, што былі абмеркаваныя «пытанні адносін паміж Беларуссю і Польшчай, праблематыка ўзаемадзеяння па лініі Беларусь – Еўразвяз, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя