Беларускія партыі і рухі выказваюць сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне



Беларускія палітычныя партыі і рухі адзін за адным выказваюць сваю афіцыйную пазіцыю адносна ўварвання Расеі ва Украіну. Як пра непасрэдны факт вайсковага ўварвання на тэрыторыю суверэннай Украіны, так і адносна ўдзелу Беларусі ў расейска-украінскай вайне.

Сустаршыня партыі БХД Георгій Дзмітрук: Мы вызначыліся па нашых пазіцыях па сітуацыі ва Украіне. Гэта нахабная ваенная авантура Пуціна пры падтрымцы нелегітымнага дыктара Лукашэнкі, якая прывяла да таго, што Беларусь стала часткай ваеннай агрэсіі супраць брацкай Украіны. Мы асуджаем гэта. І называе сваім імем – гэта агрэсія. На жаль, Лукашэнка падтрымаў агрэсара Пуціна і нашая краіна стала плацдармам ваеннай авантуры Пуціна.

РР: Ці знаходзяцца на тэрыторыі Украіны сябры БХД? Ці трымаеце з імі сувязь?

– На тэрыторыі Украіны знаходзіцца дастаткова шмат людзей з БХД. Мы ведаем, што асобныя сябры прымаюць удзел у ваенных дзеяннях. Частка знаходзіцца ў розных гарадах Украіны. Мы молімся за іх і верым у перамогу украінскага духу.

Ігар Барысаў, старшыня БСДПГ: Зараз мы рыхтуем заяву. Я магу сказаць толькі ключавыя моманты з гэтай заявы, таму што яна на стадыі абмеркавання. Але з яе вымалёўваецца тры пасылы: першае, гэта тое, што Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада выступае катэгарычна супраць расейскай вайсковай аперацыі; другі момант, прэзідыум БСДПГ упэўнены, што ўсе пытанні паміж краінамі павінны вырашацца дыпламатычным шляхам; і трэці момант, мы катэгарычна супраць знаходжання расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, і таксама супраць таго, каб яны перамяшчаліся з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны, бо гэта парушае нашу Кастытуцыю.

Цалкам матэрыял:

Як мы бачым, незалежна ад рознасці палітычных перакананняў, пазіцыя беларускіх палітыкаў адносна расейска-украінскай вайны цалкам супадае.

Беларускае Радыё Рацыя