Беларускія праваабаронцы на канферэнцыі ў Варшаве



Прадстаўнікі закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” на чале з былым палітзняволеным Алесем Бяляцкім удзельнічаюць у працы найбуйнейшай еўрапейскай канферэнцыі па правах чалавека і дэмакратыі, якая пачалася 21 верасня ў Варшаве.

Канферэнцыя арганізаваная Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. Яе ўдзельнікі абмяркуюць поспехі і недахопы ў выкананні дзяржавамі АБСЕ забавязанняў па чалавечым вымярэнні — нормаў і відаў дзейнасці, звязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй, якія АБСЕ разглядае як адно з трох вымярэнняў бяспекі поруч з ваенна-палітычным і эканамічна-экалагічным.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік цэнтра „Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека, 23 верасня возьме ўдзел у абмеркаванні рызыкаў і выклікаў, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ.

Канферэнцыя па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі праводзіцца БДІПЧ АБСЕ штогод. Канферэнцыя будзе доўжыцца да 2 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя