Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” распачала сваю працу



Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” распачала сваю працу. Яе мэта – незалежнае назіранне за выбарамі.

Якім чынам будзе будавацца дзейнасць кампаніі, распавёў адзін з яе каардынатараў Уладзімір Лабковіч з Праваабарончага цэнтра “Вясна”:

– У нас будзе сорак доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць назіраць у асноўных рэгіёнах Беларусі, дзе пражывае больш за 70% выбаршчыкаў. Мы будзем рабіць кожны тыдзень аналіз выбарчай сітуацыі. Па выніках кампаніі мы дамо ацэнку, ці адпавядалі выбары міжнародным стандартам – свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў. Для гэтага мы будзем назіраць у тым ліку і на выбарчых участках. З моманту датэрміновага галасавання мы будзем назіраць дзесьці на трохстах выбарчых участках.

З усіх механізмаў выбарчага працэсу ў Беларусі часцей за ўсё крытыкуецца працэдура падліку галасоў, кажа яшчэ адзін каардынатар кампаніі Алег Гулак, які з’яўляецца старшынём Беларускага Хельсінкскага камітэта:

– Мы так шмат гаворым пра працэдуру падліку, якая дала падставы гаварыць, што як мінімум агучаныя вынікі адпавядаюць тым бюлетэням, якія знаходзіліся ў скрыні. Далей будуць пытанні, як яны туды трапілі, ці не было ўкідаў, ці свабодна людзі галасавалі. І так далей. Там шмат важных працэдураў.

Каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” падкрэслілі, што іх цікавасць не палягае у палітычнай плоскасці (то бок яны не падтрымліваюць ніякіх партый альбо кандыдатаў). Галоўнай  мэтай з’яўляецца жаданне паказаць, наколькі свабодна беларусы могуць рэалізаваць сваё выбарчае права.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск