Беларускія сацыял-дэмакраты святкуюць 25-годдзе



Чвэрць стагоддзя таму ў Беларусі быў адроджаны сацыял-дэмакратычны рух. 2 сакавіка 1991 года ў Менску адбыўся з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Такім чынам, у найноўшай гісторыі краіны, Грамада стала другой палітычнай структурай пасля Аб’яднанай дэмакратычнай партыі.

Удзельнік устаноўчага з’езду Грамады, першы старшыня Пінскай гарадской партыйнай філіі Віктар Ярашук узгадвае падзеі 2-га сакавіка 1991 года:

Я шчыра скажу, што не думаў уступаць у партыю. Думаў, паеду пагляджу, а потым раскажу сябрам, што ды як. Калі я прыехаў і паглядзеў хто там у аргкамітэце, хто яго ўзначальвае: убачыў Міхася Ткачова і астатніх, я проста зразумеў, што гэта тыя людзі з якімі мне б вельмі хацелася быць побач. Безумоўна, н аз’ездзе кандыдатура Ткачова прайшла без усялякіх пытанняў, яе вылучыў аргкамітэт і яе падтрымалі аднагалосна. Гэта сапраўды была асоба: па-першае, ён быў фізічна моцны чалавек, высокага росту, па-другое было бачна, што гэты чалавек пра што думае, тое і гаворыць і з ім было вельмі прыемна.

З’яўленне Грамады мела важны палітычны характар, бо брэнд “сацыял-дэмакраты” хацелі забраць сябе камуністы і наменклатуршчыкі. Дзякуючы намаганням Міхася Ткачова ў Беларусі сацыял-дэмакратычная плынь аказалася занятая людзьмі з прабеларускімі поглядамі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск