Улады Беларусі адмовіліся выдаць таджыкскую апазіцыянерку
З вызваленнем і наданнем статуса бежанкі жыхарцы Таджыкістана Шабнам Худайдодавай Беларусь зарабіла станоўчы бонус. А праваабаронцы як айчыныя, так і замежныя атрымалі перамогу ў барацьбе за правы і фактычна жыццё чалавека. Актывістка, працуючы ў Расеі, увайшла ў „Групу 24”, якую ў Таджыкістане аб’явілі экстрэмісцкай за пратэст супраць беднасці і беспрацоўя, кажа праваабаронца Раман Кісляк:
– Гэтая арганізацыя і ўсе тыя, хто да яе далучыўся, таджыкскімі ўладамі былі прызнаныя экстрэмістамі. І, адпаведана, былі выдадзены ордэры на арышты ўсіх тых, хто быў у гэтай групе. Вялося арганізаванае ганенне на апазіцыю.
Паводле Рамана Кісляка, тым не менш, Шабнам вызвалена са следчага ізалятара, знаходзіцца ў бяспечным месцы і яе няшчасці, будзем спадзявацца, скончыліся. Ён лічыць недахопам нашай заканадаўчай сістэмы такі доўгі тэрмін знаходжання чалавека ў следчым ізалятары. Жанчына знаходзілася там 8 месяцаў, калі ў заходніх краінах – 2.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота БелаПАН