Беларускія ўльтралевыя вылучаць свайго кандыдата



Беларускія ўльтралевыя маюць намер вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2015 года. Яны перакананы, што ў краіне наспела сітуацыя для “левага развароту”. Пра гэта гаворыцца ў відэа ды тэкставым звароце лідара незарэгістраванай арганізацыі “Беларускі левы фронт”. Пасланне распаўсюджваецца ў беларускай Інтэрнэт-прасторы праз сацыяльныя сеткі. У звароце Дзмітрый Кудранок адзначае, што 20 гадоў беларускае грамадства спрабавала дастукацца да кіраўніцтва, але яно ніяк не рэагавала. І толькі падзеі ва Украіне вымушаюць варушыцца. Але вырашыць праблемы за раз не атрымаецца, а сацыяльнае незадавальнне ўзрастае. Менавіта левы кандыдат у 2015 годзе будзе адпавядаць настроям грамадства, кажа ў прамове лідар “Беларускага левага фронту”:

–  У краіне квітнее карупцыя, грамадзянская супольнасць загнаная ў падполле. Назіраецца дэфіцыт разумных і прафесійных кадраў на ўсіх ўзроўнях кіравання, вытворчасці і іншых сфер. Пры гэтым усё часцей на адрас народа гучаць пагрозы пра расправы за ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці. Адзінае выйсце з гэтай сітуацыі – прасоўванне на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года кандыдата ад левых, які падрыхтуе грамадства да дэмакратычных пераўтварэнняў.

Дзмітрый Кудранок упэўнены, што толькі левы кандыдат здольны кансалідаваць беларусаў і стаць для народа гарантыяй станоўчага стабільнага выхаду з сацыяльна-эканамічнай прорвы. На ягоную думку, усе патрыёты павінны папрацаваць на левага кандыдата.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя