Беларускую дэлегацыю ў Рызе ачоліць Лукашэнка? (абноўлена)



На Рыжскім саміце Беларусь можа быць прадстаўленая на вышэйшым узроўні, заяўляе па выніках візіту ў Беларусь міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

У траўні у сталіцы Латвіі мае прайсці чарговы саміт Усходняга партнёрства, на які можа быць запрошану і Аляксандр Лукашэнка.

“Гэта азначае, што Еўразвяз кіруецца прагматызмам у сённяшняй геапалітычнай сітуацыі,” – кажа віцэ-старшыня Еўрапейскага парламенту Рышард Чарнэцкі. Паводле еўрапейскага палітыка, Брусель павінен зрабіць “перазагрузку” ў адносінах з афіцыйным Менскам.

– Каб Лукашэнка перастаў быць persona non grata, каб не штурхаць Беларусь у лапы Расеі. Але, зразумела, гэта будзе азначаць таксама і тое, што мы хочам пачуць ад яго адказы на нашы пытанні на тэму правоў чалавека ў Беларусі, свабоды СМІ, вызвалення палітычных вязняў і так далей.

“Мы схіляемся да таго, каб “адкрыцца для Беларусі” і пачаць “адлігу ў адносінах з Беларуссю. Мы бачым, што адбываецца ва Усходняй Еўропе, і таму наша палітыка ў дачыненнях з Менскам мае стаць больш эластычнай,” – адзначыў нашаму радыё віцэ-старшыня Еўрапейскага парламенту Рышард Чарнэцкі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Латвія жадае, каб на саміце „Усходняга партнёрства” ў Рызе ў траўні ўсе партнёры былі прадстаўлены на самым высокім узроўні.

„Я бачу патэнцыял для таго, каб у Рызе былі прадстаўнікі самага высокага ўзроўню”, – сказаў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Ці гэта абазначае, што ўпершыню беларускую дэлегацыю на саміце „Усходняга партнёрства” ачоліць Аляксандр Лукашэнка – палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што пра гэта яшчэ рана гаварыць:

– Калі раптам Лукашэнка вызваліць усіх палітзняволеных, бо гэта цалкам рэальна, я думаю, што тут будзе шмат што залежыць і ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне, і ад таго як будзе развівацца канфлікт паміж Расеяй і Захадам, Еўрапейскім звязам, ад таго ці дасць Расея грошы, крэдыт Беларусі на гэты момант, прагназаваць на мой погляд рана.

На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, галоўным з’яўляецца не тое, ці паедзе Лукашэнка на саміт у Рыгу, а тое, ці можа Рыжскі саміт апынуцца такім жа, як Віленскі для Віктара Януковіча:

– Будзе Лукашэнка ў Рызе ці не, я думаю, што не ў гэтым галоўнае пытанне. Я б так сказаў, можа стаць Рыжскі саміт для Лукашэнкі з наступствамі такімі ж, як папярэдні Віленскі саміт стаў для Януковіча. На маю думку ў адрозненні ад украінскага варыянта – варыянта Януковіча, якога чакаў „Еўрамайдан” у Кіеве, як бы не чакаў Лукашэнку „Антымайдан” у выглядзе пасланцаў Пуціна.

Саміт „Усходняга Партнёрства” адбудзецца 21-22 траўня ў Рызе. Ранейшыя тры саміты праходзілі ў Празе, Варшаве і Вільні. На ніводным з іх Аляксандр Лукашэнка не прысутнічаў.

Беларускае Радыё Рацыя