Беларусу Юрыю Палітыку выстаўлена абвінавачанне ў шпіянажы
Затрыманаму ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы грамадзяніну Беларусі Юрыю Палітыку 23 студзеня выстаўлена афіцыйнае абвінавачанне, паведаміў БелаПАН старшы саветнік, консул пасольства Беларусі ва Украіне Сяргей Бабоў.
„Учора было выстаўлена абвінаваўчае заключэнне”, — сказаў дыпламат. Інфармацыю пра гэта ў пасольстве атрымалі ад адваката Палітыкі.
Маці затрыманага Ірына Палітыка расказала БелаПАН, што пакуль не атрымлівала гэтай інфармацыі ад адваката або пасольства. У апошні раз у яе было спатканне з сынам 10 студзеня. „Ён быў у нармальным псіхалагічным стане. Цяпер ужо не ведаю, як ён. Справа шытая белымі ніткамі. Юрый казаў, што ўсё гэта непаразуменне, мы спадзяваліся, што ўсё абыдзецца”, — сказала Ірына Палітыка.
Беларускаму грамадзяніну інкрымінуюць учыненне злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 114 КК Украіны (шпіянаж; перадача або збіранне з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну, калі гэтыя дзеянні ўчыненыя замежнікам або асобай без грамадзянства). У выпадку доказу судом віны Юрыю Палітыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул таксама прадугледжвае магчымасць канфіскацыі маёмасці.
Цяпер абвінавачваны ўтрымліваецца ў СІЗА Чарнігава, тэрмін утрымання пад вартай яму працягнуты да 16 лютага.
Юрый Палітыка быў затрыманы Службай бяспекі Украіны 16 чэрвеня 2017 года ў аўтобусе Чарнігаў — Гомель у пункце пропуску „Новыя Ярылавічы” Чарнігаўскага пагранічнага атрада. 4 студзеня ў СМІ былі апублікаваныя ўрыўкі яго звароту ў пасольства Беларусі, у якім ён апісаў акалічнасці затрымання. Абвінавачваны сцвярджае, што падчас затрымання супрацоўнікі СБУ прымянялі ў дачыненні да яго катаванні (маральны націск і фізічную сілу), у сувязі з чым ён вымушаны быў узвесці паклёп на сябе.
У пачатку студзеня Ірына Палітыка разаслала ў СМІ ліст, у якім паведаміла, што ў дачыненні да яе сына ўкраінскія спецслужбы прымянялі катаванні. Паводле слоў жанчыны, Юрый Палітыка выехаў ва Украіну, каб атрымаць працу ў лагістычнай кампаніі.
Генпракуратура Беларусі двойчы выступала з заявамі па гэтай справе, апошні раз — 20 студзеня. У заяве адзначалася, што ў Генпракуратуры „па-ранейшаму ёсць сумненні ў абгрунтаванасці крымінальнага пераследу следчым аддзелам упраўлення СБУ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі”. Беларускім бокам запытаны звесткі аб выніках яго крымінальнага пераследу і правядзення дасудовага расследавання па факце прымянення да яго недазволеных метадаў вядзення следства.
„Адсутнасць з боку органа крымінальнага пераследу, які праводзiць дасудовае расследаванне, актыўных працэсуальных дзеянняў па факце прымянення да Палітыкі Ю.А. незаконных метадаў вядзення следства можа сведчыць аб пэўнай хісткасць выстаўленых яму ўкраінскім бокам падазрэнняў у шпіянажы”, — лічаць у Генпракуратуры Беларусі.