Беларусы апынуліся за “жалезнай заслонай”



Цяпер у Беларусі чыстыя не толькі вуліцы, але і неба. Так жартуюць самі беларусы пра сітуацыю з авіяпералётамі. Хоць насамрэч многім далёка не да жартаў. Пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair спалучэння Афіны – Вільня ў Менску дзеля таго, каб затрымаць блогера Рамана Пратасевіча, еўрапейскія краіны і Злучаныя Штаты адмянілі палёты ў Беларусь, а таксама вырашылі абмінаць паветраную прастору Беларусі ў якасці транзітнага калідору. Забаронена і самалётам Belavia лётаць у Еўропу. Пакуль цяжка ацаніць страты для беларускай нацыянальнай авіякампаніі ад гэтага, але можна меркаваць, што яны вялізныя. Дый агульна эканамічныя наступствы вельмі сур’ёзныя. Так, абваліліся каціроўкі беларускіх еўрабондаў, дзякуючы размяшчэнню якіх Беларусь атрымлівае сродкі на рэфінансаванне плацяжоў па дзяржаўным доўгу. Спыніўся прыток валюты ад уязнога турызму, які шмат гадоў улады старанна развівалі і нават увялі бязвізавы рэжым. Дый турыстычныя кампаніі, якія і так далёка не ўсе перажылі пандэмічны крызіс, цяпер увогуле апынуліся ў тупіковай сітуацыі. Пошук інвестараў быў і так няпростай задачай, а цяпер жа амаль немагчымай, таго глядзі ўвогуле пачнецца адток з краіны замежнага капіталу.

Еўразвяз да канца чэрвеня можа ўвесці новыя санкцыі, у тым ліку эканамічныя. Неафіцыйна гаворыцца, што яны могуць закрануць энергетычны сектар, а гэта зноў жа чарговыя вялізныя страты для бюджэту. Нездарма падчас перамоў у Сочы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка кінуў фразу, што, маўляў, абклалі з усіх бакоў. Дарэчы, Крэмль заклікаў падысці да сітуацыі з пасадкай Ryanair канструктыўна, а вось сярод беларусаў меркаванні падзяліліся. Многія падтрымліваюць авіяцыйную блакаду, бо варта пацярпець дзеля адзінай мэты – звяржэння дыктатара. Іншыя – сумняваюцца ў поспеху гэтай аперацыі і наракаюць на праблемы, многія абураюцца, асабліва тыя, хто працуе за мяжой, прыехаў на пабыўку дадому, а цяпер не можа выехаць. Паламалася планы шматлікіх на адпачынак і сустрэчы са сваякамі. Ляцець жа праз Маскву ці Стамбул – справа вельмі нятанная, тут адным заробкам можа і не абыдзешся. У касах Belavia людзі гадзінамі чакаюць, каб здаць білеты або знайсці іншыя магчымасці для пералёту.

Кожны з бакоў мае сваю рацыю. Авіяцыйная блакада ж мае адзін вялікі “плюс – гэта выразны сігнал для Лукашэнкі, што на кожнае падобнае дзеянне будзе адпаведная рэакцыя, каб наступным разам ён падумаў, ці варта парушаць міжнароднае заканадаўства і займацца фактычна тэрарызмам на ўзроўні дзяржавы. У справе міжнароднай бяспекі рэакцыя захаду была імгненнай. Іншай і не магло быць. А вось беларусам даводзіцца жыць у цалкам новай рэчаіснасці са спадзяваннем, што прынамсі наземныя граніцы ўрэшце адкрыюць.

Беларускае Радыё Рацыя