Беларусы Бельгіі правялі ў Брусэлі пікет падчас саміту лідараў Еўразвяза



Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Бельгіі правялі пікет у Брусэлі. Акурат гэтымі днямі там праходзіць саміт лідараў Еўразвязу, дзе між іншым вырашаецца пытанне надання Ўкраіне, Малдове ды Грузіі – статуса кандыдата на ўступленне ў ЕЗ. Ад гэтага рашэння будзе залежыць далейшы лёс не толькі Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропы. Не без заклапочанасці аб гэтым выказваецца арганізатар пікета – Зміцер Піменаў.

– На сённяшні дзень уся палітычная эліта кіруецца прагматызмам і нельга выключаць тое, што яны знаходзяцца на службе ў Лубянкі. Сыходзячы з рыторыкі, якую мы чуем апошнім часам, я думаю гэта будзе толькі бла-бла-бла. Чарговая заклапочанасць. Яны ўсе баяцца Пуціна, а хтосьці падкуплены, а хтосьці мае свой бізнэс з Пуціным. Адна надзея на Ангельшчыну, якія сапраўды робяць добрую справу па аб’яднанні краін, якія могуць супрацьстаяць як замшэлай Еўропе, так і „пуцінскай” мафіі.

У той жа момант, сітуацыя ў Брусэлі выглядае такім чынам, што Ўкраіна ўсё ж атрымае так патрэбны ёй статус кандыдата. Пасля чаго будзе абавязаная выканаць шэраг умоў, звязаных з рэформамі. Якія ўкраінскі бок, у сваю чаргу, абяццае выканаць да канца бягучага года.

Беларускае Радыё Рацыя