Беларусы не падрыхтаваныя да інфармацыйнай вайны
Беларусы спрабуюць знайсці сваю нішу ў сітуацыі па Украіне, але расейская прапаганда моцна замінае. Грамадзяне блытаюцца і зусім не падрыхтаваныя да інфармацыйнай вайны.
Такую выснову зрабіў пінскі чалец Партыі БНФ Андрэй Кахнюк, які ад лістападу назірае за паводзінамі суайчыннікаў па ўкраінскай тэматыцы.
Летні адпачынак актывіст правёў у падарожжы па Берасцейшчыне і Гомельшчыне, дзе гутарыў з мясцовымі жыхарамі на гэтую тэму. Партыец адзначае, што штампаў кшталту “бандэраўцы” і “кіеўская хунта” не чуваць, але кажуць пра трэцюю Сусветную вайну:
– «Ды яны не ведаюць, што робяць, яны прадаліся, мы на парозе трэцяй сусветнай вайны давайце капаць бункера», – такое я ўжо чуў ад чалавека далека не дурнога. Гэта ўплыў жорсткай прапагандысцкай машыны, калі ў чалавека вымываюць рэшткі ўласнага мышлення. Убіванне ў галаву: вось гэта добра, а гэта кепска.
На думку Андрэя Кахнюка, не падрыхтаваныя не толькі звычайныя грамадзяне, але і прадстаўнікі рэгіянальнай улады, якія не маюць адзінай лініі адносна сітуацыі ва Украіне.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя