Беларусы салідарныя з расейцамі



Удзельнікі грамадскай кампаніі па назіранні за выбарамі кампаніі «Права выбару» выказалі салідарнасць з грамадзянамі Расеі, якія пратэстуюць супраць парушэнняў падчас рэгістрацыі кандыдатаў на муніцыпальных выбарах.

Па словах выконваючага абавязкі кіраўніка «Аб’яднанай грамадзянскай партыі» Міколы Казлова, усё больш і больш людзей на постсавецкай прасторы разумее, што сумленныя выбары – гэта гарантыя іх заможнасці, якасці жыцця:

– Мы бачым, што зараз паўстала Масква. Мясцовыя выбары, здавалася б, але ўсё больш і больш людзей разумее, што фальсіфікацыя выбараў – гэта перш за ўсё здзек над народам. Гэта абсалютнае патаптанне яго правоў. Таму мы салідарныя з тымі людзьмі, якія ў Маскве проста стаяць на баку сумленных выбараў і патрабуюць тых кандыдатаў, якіх арыштоўваюць, тых людзей, якіх пераследуюць у крымінальным парадку.

Таму беларускай апазіцыі трэба настойваць на змяненні выбарчага заканадаўства. Калі гэта немагчыма зрабіць да выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія ўжо хутка, трэба дабівацца зменаў правапрымяняльнай практыкі.

«Нават Цэнтрвыбаркам можа зрабіць выбары больш дэмакратычнымі», – лічыць Мікола Казлоў. Па яго словах, людзі ў суседняй краіне адкрыта адстойваюць сваё права на вулічных акцыях пратэсту. У Беларусі не трэба даводзіць сітуацыю да такога ж выніку, а проста паспрабаваць правесці нармальныя выбары. «У гэта складана паверыць, гэтага складана чакаць, але патрабаваць гэта ад улады мы абавязаны», – сказаў Мікола Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя