Беларусам Бруселя забаранілі пікет
Актывісты Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання атрымалі адмову ў правядзенні інфармацыйнага пікету на плошчы Шумана ў Бруселі. Пікет планаваўся супраць зняцця санкцый Еўразвязу ў адносінах да афіцыйнага Менску. Па словах старшыні Задзіночання Змітра Піпенава, за некалькі дзён да пікету патэлефанавалі з паліцыі і забаранілі пікет.
– За два тыдні да паседжання Рады Еўропы мы падалі заяўку на пікет. Мы падрыхтаваліся, а за дзень да пікету нам патэлефанавалі з паліцыі і сказалі, што не могуць нам дазволіць гэтага з розных прычын. Сказалі, што ад нашага пікету нічога не зменіцца, санкцыі ўсё роўна будуць адмененыя. Для нас гэта было вялікім здзіўленнем, бо за апошнія 10 гадоў гэта першы выпадак, калі пікет не дазволілі.
“Таксама не атрымана і ніякіях тлумачэнняў аб прычанах такога рашэння”, – адзначае Зміцер Піменаў. З яго слоў, актывісты Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання будуць яшчэ раз спрабаваць выйсці да будынка Рады Еўразвязу, каб выказаць сваё абурэнне зняццём санкцый з беларускіх уладаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя