„Беларусы замежжа” аб’ядналі дыяспару больш чым з 50 краін



У многіх краінах са жніўня пачалі з’яўляцца міні-штабы беларускай дыяспары, у арганізацыі Сусветнага кангрэса беларусаў (31 кастрычніка — 1 лістапада) удзельнічалі прадстаўнікі больш чым 50 краін, паведамілі арганізатары на выніковай прэс-канферэнцыі 14 лістапада.

„Кангрэс з’яўляецца міжнародным прадстаўнічым органам, які выступае ад імя ўсіх беларусаў. Яго правядзенне будзе рэгулярным. Гэта значыць вельмі многае, — заявіў сакратар супольнасці „Беларусы замежжа” Арцём Лядоўскі з Аўстраліі. — Цяпер мы кансалідуем працу ўсіх дыяспар і шматкроць паскараем усе нашы ініцыятывы”.

Паводле яго слоў, кангрэс мае права выступаць як орган, які можа весці перамовы.

„Кангрэс замацаваў ролю Святланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідара ўсіх дэмакратычных сіл, і яшчэ раз замацаваны статус Каардынацыйнай рады як органа, упаўнаважанага прадстаўляць народ Беларусі ў любых перамовах. Мы пастаянна атрымліваем сігналы, у прыватнасці ад Расійскай Федэрацыі: ну што там у Беларусі, там няма з кім размаўляць, акрамя Лукашэнкі. Дык вось, кангрэс вельмі гучна пракрычаў расійскай уладзе, што гаварыць трэба з КР”, — сказаў прадстаўнік „Беларусаў замежжа”.

Другой мэтай, адзначыў ён, стала выкрыццё сімуляцыі дыялогу з боку уладаў Беларусі.

Па просьбе БелаПАН прадстаўнікі кангрэса паведамілі, што ў працы „Беларусаў замежжа” ўдзельнічаюць жыхары больш чым 50 краін, у ЗША „міні-штабы” ёсць у 34 штатах. Гэта дазваляе праводзіць скаардынаваныя акцыі, як гэта было 23 жніўня ў Дзень памяці ахвяр рэпрэсій. „У кожнай краіне ёсць абмежаванні з-за каранавіруса, але мы працуем разам”, — патлумачыла Аляксандра, якая каардынуе працу такіх штабоў у Канадзе.

Асноўнай мэтай „Беларусы замежжа” бачаць распрацоўку рэформаў для будучай Беларусі, для гэтага створана 37 рабочых груп па розных тэматычных кірунках. Акрамя таго, яны дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам (адлічаным студэнтам, бежанцам), а таксама кантактуюць з урадамі краін пражывання і міжнароднымі арганізацыямі. Сярод пытанняў, якія разглядаюць для лабіравання, ёсць і адключэнне Беларусі ад SWIFT, аднак, як растлумачылі ў „Беларусах замежжа”, гэта занадта разбуральная мера.

„Наша задача — фармаванне свабоднай прасторы для кансалідацыі беларусаў ва ўсім свеце, — падкрэсліў, адказваючы на пытанне БелаПАН Лядоўскі. — Мы добра арганізаваныя, у нас велізарныя рэсурсы, неверагодны пералік экспертыз ўнутры нашай супольнасці, і мы выдатна разумеем, да якой мэты ідзем”.

belapan.bу

Фота: „Мая Радзіма Беларусь”