Беларусы замежжа маюць намер спрыяць ізаляцыі афіцыйных дыпмісій Беларусі



Беларусы замежжа маюць намер ствараць „народныя пасольствы” і спрыяць ізаляцыі афіцыйных дыпламатычных місій Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Сусветнага кангрэса беларусаў, які праходзіў з 31 кастрычніка па 1 лістапада ў анлайн-фармаце. Фінальная версія дакумента апублікаваная на сайце арганізатараў форуму — супольнасці прадстаўнікоў беларускіх дыяспар „Беларусы замежжа”.

Паводле інфармацыі арганізатараў, у кангрэсе ў тым ці іншым выглядзе ўдзельнічалі альбо назіралі за ім у агульнай складанасці больш за 150 тыс. чалавек — грамадзян і выхадцаў з Беларусі, якія пражываюць як на яе тэрыторыі, так і за яе межамі — у больш чым 50 краінах.

У рэзалюцыі гаворыцца, што беларусы свету плануюць аб’яднаць намаганні і стварыць рабочыя групы рознай накіраванасці.

Адным з кірункаў стане стварэнне „народных пасольстваў і інфармацыйных цэнтраў на базе беларускіх суполак за мяжой” для развіцця сувязяў замежных дзяржаў і міжнароднай супольнасці з беларускім грамадствам. Яны будуць удзельнічаць у „распрацоўцы і фарміраванні знешнепалітычнай позвы ў інтарэсах беларускага народа з улікам неабходнасці захавання і развіцця ўзаемавыгадных добрасуседскіх адносін з усімі суседнімі народамі”, а таксама працаваць над усталяваннем бязвізавага рэжыму для беларускіх грамадзян з краінамі Еўрасаюза.

Беларусы замежжа маюць намер „спрыяць ізаляцыі дыпламатычных прадстаўніцтваў сістэмы МЗС Рэспублікі Беларусь за мяжой” і па магчымасці „блакаваць любыя кантакты замежных грамадзян, арганізацый і ўрадаў з беларускімі дыпламатамі як з прадстаўнікамі нелегітымнай улады ў краінах іх знаходжання за выключэннем службаў, якія выконваюць консульскія функцыі”.

Асобныя групы будуць збіраць доказы дачынення да парушэння правоў чалавека і рэпрэсій у Беларусі кіраўнікоў арганізацый, навучальных устаноў і медустаноў, дзяржслужачых, суддзяў, дэпутатаў, дыпламатаў, супрацоўнікаў сацслужб, членаў выбаркамаў, супрацоўнікаў дзяржСМІ і іншых, а таксама садзейнічаць адкрыццю міжнароднага расследавання злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі ўладаў, пашырэнню спіса замежных персанальных санкцый.

Яны таксама дамовіліся дамагацца таго, каб замежныя ўрады прызналі „АМАП, падраздзяленні „Алмаз” і ГУБАЗіК сістэмы МУС Беларусі тэрарыстычнымі арганізацыямі, а іх дзейнасць забароненай”.

Беларусы замежжа таксама плануюць стварыць рабочыя групы для аказання фінансавай, медыцынскай, юрыдычнай і іншай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі — органаў мясцовага самакіравання, незалежных прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, партый і інш.

Асобная група зоймецца падтрымкай былых і дзейных сілавікоў, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады, і пачне пры іх удзеле шырокую грамадскую дыскусію аб шляхах рэфармавання праваахоўнай сістэмы Беларусі.

Прадстаўнікі дыяспар маюць намер усталяваць кантакты з вайскоўцамі Узброеных сіл Беларусі, каб „заклікаць іх прытрымлівацца вайсковай прысягі, быць вернымі беларускаму народу і прыняць меры па вызваленні радзімы ад незаконнага акупацыйнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Яны плануюць інфармаваць сусветную грамадскасць аб сітуацыі ў Беларусі праз замежныя СМІ, прыцягваць увагу замежных грамадскіх дзеячаў і палітыкаў да фактаў парушэння правоў і свабод чалавека, залучаць іх у работу па аказанні націску на беларускія ўлады.

Беларусы замежжа дамовіліся развіваць кантакты паміж міжнароднымі і незалежнымі прафсаюзамі Беларусі з мэтай рэалізацыі імі сумесных праграм і акцый, ініцыяваць увядзенне адрасных санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе парушаюцца канстытуцыйныя правы рабочых на забастоўку.

Таксама яны плануюць ствараць грамадскія фонды і дабрачынныя ініцыятывы „для фінансавання дзейнасці па аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі і развіцці інстытутаў грамадзянскай супольнасці”, развіваць адносіны гэтых фондаў з падобнымі міжнароднымі і нацыянальнымі інстытутамі.

belapan.by