Белавежскія пагадненні – прыклад для сусветнай дыпламатыі



Напярэдадні гадавіны канчатковага распаду СССР у Варшаўскі ўніверсітэт прыехалі падпісанты Белавежскіх пагадненняў.

11

Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Генадзь Бурбуліс удзельнічалі ў круглым стале, дзе ўзгадвалі прыняцце гістарычных дакументаў.

На думку першага кіраўніка незалежнай Беларусі, Белавежскія пагадненні – прыклад для сусветнай дыпламатыі:

– Я далучаюся да словаў аднаго са шведскіх дыпламатаў, які назваў гэты дакумент “шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца Другога тысячагоддзя”. Дакумент лаканічны і, на маю думку, ён такі, што не падлягае выпраўленню. Ён ужо выпраўлены быў у Белавежскай пушчы нашым парывам, нашым зусім іншым падыходам – мы кансэнсусам прынялі ўсе дакументы.

У сваю чаргу былы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук адзначыў асаблівую каштоўнасць бяскроўнага здабыцця рэальнай незалежнасці Беларусі і Украіны ў 1991 годзе. Былы дзяржсакратар Расейскай Федэрацыі Генадзь Бурбуліс дадаў, што ў магчымасць мірнага распаду СССР ніхто не верыў, а ўсе заходнія палітыкі асцерагаліся сепаратызму і былі гатовы падтрымліваць толькі кіраўніцтва Саюза.

8 снежня 1991 года ў Віскулях падпісалі пагадненні аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў і спыненні існавання Савецкага Саюза. Адзін з падпісантаў тых гістарычных дакументаў – былы Дзяржаўны сакратар РСФСР Генадзь Бурбуліс – адзначыў, што прэзідэнт Барыс Ельцын адыграў важную ролю ў той дзень:

– Пазіцыя Барыса Мікалаевіча і да снежня 19991 года ўжо шматразова была вызначана – Расея мусіць быць свабоднай дэмакратычнай краінай з рынкавай сістэмай эканомікі і гарантаванымі правамі кожнага грамадзяніна і міралюбівая ў адносінах да сусветнай супольнасці. З беражлівым стаўленнем да свайго годнага мінулага і з прынцыповай ацэнкай тых злачынстваў і тых парушэнняў, якія былі ў нашай гісторыі.

Генадзь Бурбуліс лічыць, што СССР была імперыяй без метраполіі.  Таму распад Савецкага Саюза быў для Расеі важны, бо яна, на думку палітыка, таксама была ахвярай:

– Расея была адной з самых ушчэмленых рэспублік СССР. У структуры савецкай улады, у структуры рэгіянальных органаў  кіравання , Расея была самая непрызнаная рэспубліка. На тэрыторыі РСФСР толькі  7% гаспадарчага эканамічнага патэнцыяла кіравалася ўрадам РСФСР. Астатнія 93% кіраваліся савецкім урадам. Не было такога народа і такой рэспублікі, якія б выступалі ў дадзеным выпадку суб’ектам імперскай свядомасці і імперскага кіравання. Усе ў аднолькавай ступені былі ўшчэмлены.

Паводле сведчанняў першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, менавіта Генадзь Бурбуліс унёс у Белавежскія пагадненні ключавую фразу пра канец існавання СССР.

IMG_0429

33

Падпісантамі з беларускага боку выступілі Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч. Цяпер былы кіраўнік ураду шкадуе пра свой удзел у пагадненнях. Станіслаў Шушкевіч называе гэта звычайнай здрадай:

– Што да Кебіча – ён здрадзіў гэтай справе. Ён хоча быць ля той кармушкі, якую арганізаваў наш ганебны ў многіх накірунках кіраўнік дзяржавы – нелігітымны, таму што ён фальсіфікацыяй абіраецца прэзідэнтам. Вось такое асяроддзе, у якім знаходзіцца Лукашэнка. І Кебіч цалкам адпавядае гэтаму асяроддю.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі зазначае, што на яго думку, Вячаслаў Кебіч свядома і добраахвотна ў той час падпісаў Белавежскія пагадненні.

2015-12-08_Zavalnia_Krauczuk_fota

Былы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук з гонарам узгадвае свой удзел у пахаванні Савецкага Саюза:

– Я ведаў пачуцці ўкраінскага народу. Я сам вольны чалаек і зрабіў усё, каб свабода была свабодай. Україна была да гэтага гатовая.

Таксама Леанід Краўчук зазначыў, што едучы ў Віскулі не ведаў, што там будуць падпісаныя гістарычныя дакументы, так як не было падрыхтавана ніякіх праектаў.

2015-12-08_Zavalnia_Krauczuk_fota2

Тым не менш, пасля рэферэндума аб незалежнасці, праведзенага  ва Украіне 1 снежня 1991 года, у Белавежскую Пушчу тагачасны прэзідэнт ехаў з цвёрдым намерам не пагаджацца ні на якія формы працягу Савецкага Саюза.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара