Беленькі: Вы ж не пойдзеце, калі крымінальнікі прапануюць абрабаваць магазін?



“Выбараў як не было, так і няма”, – канстатуе намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Юрась Беленькі. Палітык прыгадвае рэферэндум 2004 году, калі вынеслі на галасаванне колькасць тэрмінаў абрання на пасаду прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

У той час частка апазіцыі выступіла з лозунгам “Прыйдзі, і скажы яму НЕ”, але гэта выйшла толькі на карысць рэжыму, для якога галоўнае, каб людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

“КХП-БНФ тады ладзіла байкот выбараў і рэферэндуму”, – адзначае Беленькі.

Belenki Jury

 – Сітуацыя не змянілася, больш за тое – яна пагоршылася. І ў гэтай сітуацыі падыгрываць дыктатарскаму рэжыму – гэта значыць спрыяць яму зноў. Ну, навошта ісці туды, дзе робіцца беззаконне? Вы ж не пойдзеце, калі нейкая крымінальная супольнасць будзе вас заклікаць разам абрабаваць магазін: вы толькі папрысутнічайце, а мы гэтую справу будзем рабіць.

“Усе выбарчыя кампаніі робяцца паводле сцэнару рэжыму і гэта абсалютна відавочна”, – дадае палітык. Адзначым, што паводле прынятых зменаў у Выбарчым кодэксе, цяпер заклікі да байкоту выбараў – забароненыя і караюцца ў адміністрацыйным парадку. Прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 20-га лістапада гэтага года.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя