„Белсат” без фінансавання і на расейскай мове?
Неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне фінансавання тэлеканала „Белсат” на 2017 год на 2/3, у параўнанні з 2016 годам.
(Фота belapan.com)
Дырэктар „Белсата” Агнешка Рамашэўска-Гузы каментуе неафіцыйную інфармацыю.
Неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што было прынята рашэнне скараціць фінансаванне тэлебачання „Белсат” у 2017 на 2/3. Што гэта азначае на практыцы?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Ліквідацыю. Ці можна назваць гэта па-іншаму? Для нас скарачэнне фінансавання на 10% было б трагедыяй. Наша тэлебачанне робіцца вельмі ашчадна. Я казала падчас пасяджэння парламенцкай камісіі, што наш бюджэт эквівалентны 5-дзённнаму бюджэту „Russia Today”. Ці азначае гэта, што Польшча павінна выкінуць гэтыя 5 мільёнаў злотых? На што яны павінны быць прызначаны? Няхай дадуць на дзіцячыя дамы ў Беларусі.
Наколькі апраўдана гэта рашэнне?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Увогуле, гэта не апраўдана. Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю. Толькі сёння я даведалася, што такі дакумент падрыхтаваны ў Міністэрстве замежных спраў. Праўда, да гэтага часу не прадстаўлены афіцыйна, але з пэўных крыніц ведаю, што ўжо ёсць. Цікава тое, што камісія замежных спраў адзінагалосна прыняла рашэнне па падтрымцы свабодных сродкаў масавай інфармацыі, а спадар міністр Дзедзічак сказаў, што далучаецца да яго абедзвюмя рукамі. Калі 17 мільёнаў змяншаюцца да 5 мільёнаў, гэта нават больш за 2/3 бюджэту… Гэта нейкі жарт! У дадатак вельмі жорсткі. Не ведаю, як гэта разумець.
Ці ў гэтай сітуацыі вы ў далейшым бачыць сябе ў якасці кіраўніка станцыі?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Шчыра кажучы – не ведаю. Я кіравала гэтым тэлебачаннем на працягу 10 гадоў, у вельмі розных, цяжкіх умовах, і павінна сказаць, што жыццё навучыла мяне не сыходзіць у адстаўку. Калі хто-небудзь захоча, то проста выкіне мяне. Я прадставіла кіраўніцтву розныя канцэпцыі, у тым ліку стварэнне „TVP Zagranica”, з умовай таго, што адным з элементаў гэтага праекта павінна было быць добрае функцыянаванне тэлебачання „Белсат”. Без яго добрага тэлебачання такога профілю не можа быць, застаецца толькі карыкатура. На дадзены момант мы прымаем удзел у шматлікіх конкурсах, вельмі цяжка працуем. Мы падалі заяўку ў брытанскі фонд, які будзе падтрымліваць вяшчанне на расейскай мове на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Яшчэ сёння канчаткова зацвярджала праект, а праз некалькі гадзін даведалася, што нас практычна пазбавілі фінансавання. Я ўвогуле не разумею, што адбываецца. Увогуле…
Ці існуе верагоднасць таго, што МЗС адменіць сваё рашэнне?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Гэта адміністрацыйнае рашэнне, якое не было яшчэ афіцыйна перададзена, але ўсё можа быць адменена. Я спадзяюся, што такі шалёны крок не будзе зроблены. Канцэпцыя таго, што Польшча мае намер „стрэліць у нагу” і змарнаваць высілкі дзясяткаў людзей, якія ўклалі душу ў працу для „Белсата”, гэта цяжка прыняць. Я ведаю, што беларускі ўрадавы бок не любіць наша тэлебачанне, але гэта не пытанне, якое непакоіць яго найбольш. Сёння ён ў асноўным займаецца эканамічнымі праблемамі. Закрыццё гэтага рэсурсу для мяне незразумелае.
Каму ў такім выпадку было выгодна скарачэнне фінансавання?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я не ведаю. Шчыра кажучы, я не магу гэтага растлумачыць. Таксама я даведалася, што мы павінны будзем трансляваць на расейскай мове. Гэта яшчэ адзін абсурд! Беларуская мова стала нашым распазнавальным знакам. Без гэтага таксама важнага элемента ў Берасці будзе Расея. Праз год ці праз пяць гадоў, але ў кожным выпадку гэта будзе некарысна. Тое, што хтосьці не разумее гэтага, для мяне поўная абстракцыя. Як можна гэтага не зразумець!? Гэта для мяне відавочна… Беларусы любяць гэтую мову. Наш калега з’яўляецца дырэктарам Польскага інстытута ў Менску і можа пацвердзіць, што менавіта з-за гэтага яго носяць на руках – нават у колах расейскамоўных беларусаў. Гэта праўда і так ёсць. Менавіта таму рашэнне Міністэрства замежных спраў для мяне абсалютна незразумелае. Я ўвесь час спрабую сабе пвытлумачыць, што гэта, магчыма, нейкае непаразуменне. Я не магу гэтага зразумець. Мы старанна працуем, і гэта могуць пацвердзіць мае калегі. І кожная залатоўка была агледжана з некалькіх бакоў. Я лічыла, што з’яўляюся прыхільніцай „добрых перамен”, і нават не магла падумаць, што нешта падобнае можа мець месца.
Ці абражаныя вы такім рашэннем уладаў?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я і цяпер думаю, што гэта папросту непаразуменне. Чаму? За што? Цягам многіх гадоў мы былі „бяльмом на воку” МЗС, бо былі журналісцкай, а не ўрадавай арганізацыяй, акрамя таго, створанай пераважна на добраахвотных пачатках. Мы змагаліся з самага пачатку. Я змагаюся за гэта тэлебачанне ўжо 8 гадоў. Я перажыла часы міністра Сікорскага і міністра Схэтыны, ваявала з наступнымі старшынямі TVP, якія спрабавалі ліквідаваць „Белсат”. Тэлебачанне стварыў урад партыі „Права і справядлівасць”, і здавалася, што яна не будзе знішчаць нас. Гэта нейкія дзіцячыя фантазіі. Цяжка казаць тут пра якую-небудзь рацыянальнасць.