„Белсат” не лічыць законным рашэнне суда аб прызнанні тэлеканала экстрэмісцкім



Польскі тэлеканал „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, не лічыць законным рашэнне суда аб яго прызнанні экстрэмісцкім (уключаючы старонкі ў сацыяльных сетках), але абскарджваць гэтае рашэнне не плануе.

„У сітуацыі татальнага прававога дэфолту ў Беларусі, калі не працуюць законы, цяжка назваць гэтае рашэнне легітымным. Тым больш няма сэнсу яго абскарджваць”, — заявіў намеснік дырэктара „Белсата” Аляксей Дзікавіцкі.

„Насамрэч экстрэмістамі трэба назваць тых, хто тысячамі бярэ ў палон сваіх грамадзян, кідае ў турмы, змушае пакінуць радзіму”, — сказаў прадстаўнік канала.

Паводле слоў Дзікавіцкага, „Белсат” працягне інфармаваць сваю аўдыторыю на беларускай мове і без цэнзуры.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 27 ліпеня прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі „інфармацыйны рэсурс у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт з назвай БЕЛСАТ tv BELSAT”. Пастанову суда апублікавала ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

Рашэнне прынятае на аснове заявы восьмага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя сайт „Белсата”, тэлеграм-канал, старонкі ў сацыяльных сетках „Фэйсбук”, „УКантакце” і „Інстаграм”.

„Распаўсюджванне (рэпост) інфармацыі з экстрэмісцкіх крыніц цягне адміністрацыйную адказнасць з пакараннем у выглядзе штрафу або арышту”, — падкрэсліла Чамаданава.

belapan.by