„Белсату” ўсё ж скароцяць фінансаванне



Міністэрства замежных спраў Польшчы працягне фінансавую падтрымку тэлеканала „Белсат”, але ў меншых аб’ёмах, паведаміў кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita.

„Я не маю нічога агульнага з „Белсатам”, акрамя таго што я адзін з іх донараў, — сказаў ён. — Мы будзем працягваць падтрымку. Яна будзе меншай, але дастатковай для таго, каб выжыць”.

Пры гэтым Вашчыкоўскі заявіў, што палякі, якія жывуць у Беларусі, хочуць глядзець TVP Polonia і TVP „Культура”, а не „Белсат”.

„У нас ёсць вельмі супярэчлівыя звесткі пра ўплыў тэлеканала „Белсат” на беларускае грамадства. Падтрымка грамадзянскай супольнасці можа ажыццяўляцца па-іншаму і больш эфектыўна”, — сказаў Вашчыкоўскі.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае фінансаванне „Белсата”, а таксама аб магчымым пераводзе тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне стала вядома ў сярэдзіне снежня мінулага года. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Неўзабаве Вітальд Вашчыкоўскі расказаў аб планах польскага ўрада аб’яднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia ў адну. Кіраўнік МЗС Польшчы запэўніў, што беларуская рэдакцыя „Белсата” не будзе закрыта, а яе дырэктару Агнешцы Рамашэўскай-Гузы „прапанавана праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе”. „Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Яны змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia”, —запэўніў кіраўнік польскага МЗС.

29 снежня польскае выданне bankier.pl паведаміла, што Вашчыкоўскі пацвердзіў скарачэнне фінансавання „Белсата”. Чыноўнік заявіў, што прычынай таму павелічэнне выдаткаў на польскія консульскія службы і на падтрымку сірыйскіх бежанцаў. Ён падкрэсліў, што польскі ўрад з’яўляецца не ўладальнікам „Белсата”, а толькі адным з донараў, і тэлеканал мае магчымасць шукаць іншыя крыніцы фінансавання. Вашчыкоўскі таксама заяўляў пра „дамоўленасці з беларусамі, што яны распаўсюдзяць на тэрыторыі Беларусі тэлебачанне „Polonia Культура”.

3 студзеня намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі заявіў, што скарачэнне фінансавання „Белсата” не звязана з палітыкай, а лёс тэлеканала не з’яўляецца прадметам гандлю з беларускімі ўладамі.

5 студзеня Рамашэўска-Гузы паведаміла ў „Фэйсбуку”, што сустракалася з прэм’ер-міністрам Польшчы Беатай Шыдла. „Існаванню „Белсата” нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысвецім усталяванню далейшых правілаў супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў”, — напісала дырэктар „Белсата”.

У той жа дзень на брыфінгу ў МЗС Беларусі было паведамлена, што Менск і Варшава пакуль не дамовіліся пра вяшчанне тэлеканала „Polonia Культура” на тэрыторыю Беларусі.

12 студзеня спікер сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі ў інтэрв’ю Rzeczpospolita заявіў, што сенат увядзе папраўкі, якія дазволяць фінансаваць дзейнасць тэлеканала „Белсат” на ранейшых умовах. Пры гэтым ён адзначыў, што думкі ў сенаце падзяліліся.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве.

belapan.by