Берасцейскага назіральніка Юрыя Вашчанчука пазбавілі акрэдытацыі



Пра гэта паведаміла кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Ганна Канюс.

Юрый Вашчанчук з’яўляецца ейнай даверанай асобай. Сам малады чалавек пакуль ніяк не пракаментаваў гэтае рашэнне, але падзяліўся сваімі ўражаннямі ад назірання:

– Я разумею, што гэтыя педагогі – адукаваныя людзі, але калі я бачу, як імі намагаюцца маніпуляваць і грэбаваць заканадаўствам, мне гэта вельмі прыкра. Я ведаю, што гэтыя людзі добрыя, вітаюцца з табою ў пад’ездзе, усміхаюцца. Але калі я бачу, што яны робяць на выбарчых участках, як яны баяцца таго, хто ў іх у старшынстве, што ёсць нейкая залежнасць наўпрост ад дырэктара, які, адпаведна, зараз з’яўляецца старшынёй выбарчай камісіі.

12 лістапада 2019 года падчас назірання на выбарчым участку №37 Берасцейскай-Усходняй выбарчай акругі №3 Юрый Вашчанчук зафіксаваў на відэа дзяўчыну. На відэа бачна, як яна выйшла з кабінкі для галасавання і накіравалася да ўрны са стосам папераў у руках. На пытанні назіральніка пра тое, што ў яе ў руках і ці не з’яўляецца гэты стос бюлетэнямі, дзяўчына не адказала і сыйшла з участку. Выбарчая камісія ніяк не прадухіліла ейнага сыходу. Пазней высветлілася, што дзяўчына на відэа – супрацоўніца ўстановы, дзе дырэктарам з’яўляецца старшыня выбарчай камісіі згаданага ўчастка. На выпадак адрэагавала і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына словамі: “Усё, што здзейсніў назіральнік, недапушчальна. Яго трэба пазбавіць акрэдытацыі”.

Беларускае Радыё Рацыя