Берасцейскія актывісты звярнуліся ў КДБ
Супраць заклікаў да змены канстытуцыйнага ладу і ліквідацыі Беларусі як дзяржавы – выступаюць сябры берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Яны накіравалі зварот у абласное ўпраўленне КДБ у сувязі са з’яўленнем беларусафобскіх каментароў на сайце інфармацыйнага партала “Віртуальны Брэст”. Адзін з аўтараў звароту, палітык Ігар Маслоўскі, звяртае увагу, што 15 студзеня на Інтэрнэт-старонцы пад артыкулам пра “падатак на дармаедства” з’явіўся каментар невядомай асобы з заклікам уключыць Беларусь у склад Расеі:
– На наш погляд, дадзены каментар утрымлівае прызывы да змены канстытуцыйнга ладу ў Рэспубліцы Беларусь і наўпрост да ліквідацыі нашай дзяржавы. Мы просім прыняць меры па недапушчэнні такіх заклікаў.
“У дзяржавы складаныя часы, і калі мы войдзем у склад Расеі, то будзем жыць лепш за ўсіх, Крым – відавочны таму прыклад,” – такім было выказванне невядомага Інтэрнэт-карыстальніка, якое стала прадметам разбіральніцтва.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота svaboda.org