Берасцейскія прадпрымальнікі звярнуліся да дэпутата



Зварот да дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Віктара Валюшыцкага датычна ўказаў №222 і №48 перадалі берасцейскія індывідуальныя прадпрымальнікі. Бізнесоўцы вырашылі напісаць ліст менавіта да прадстаўніка заканадаўчай улады, паколькі ён з’яўляецца старшынёй сталай камісіі па эканамічнай палітыцы і сябрам міжведамаснай камісіі па падтрымцы і развіцці малога прадпрымальніцтва. Гандляры падкрэсліваюць, што пакуль можна назіраць толькі крокі па знішчэнні бізнесу:

– Калі ніякіх зрухаў не будзе, то, хутчэй за ўсё, гэта падштурхне і народ, і прадпрымальнікаў выйсці на плошчу ў Менску. І думаю, што да нас далучацца і тыя, што згубілі працу, што падпалі пад указ з пасылкамі, што незадаволеныя правіламі перасячэння мяжы і абмежаваннямі ўвозу.

– Разбураецца піраміда, пабудаваная на прадпрымальніках. Гэта рынкі. А колькі людзей без працы. То гэта як: цяпер трэба зносіць рынкі? Ёсць жа вялікая частка насельніцтва, якая не ў стане дазволіць сабе вялікія крамы. А тут яны могуць з намі дамовіцца. Рынкі ж існавалі заўсёды і ўсюды. І зараз яны ёсць ва ўсіх краінах.

У звароце бізнесоўцы патрабуюць, каб дэпутат зрабіў усё магчымае для адмены апошніх указаў, якія рэгламентуюць іх дзейнасць, а таксама патрабуюць стварэння нарматыўнай базы, якая максімальна скароціць пералік дакументаў, неабходных для дзейнасці прадпрымальнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце