Як будуць святкаваць 1 мая ў Беларусі?



Незалежныя прафсаюзы Гарадзеншчыны не маюць намеру ўдзельнічаць у афіцыйным святкаванні Міжнароднага дня працы, які адзначаецца 1 траўня і зарганізоўваецца мясцовымі ўладамі супольна з дзяржаўнымі прафсаюзамі.

Адмова тлумачыцца тым, што дзяржава за часы кіравання краінай Аляксандра Лукашэнкі падмяніла каштоўнасці прафсаюзнай салідарнасці на папулісцкія, і гэта паводле прафсаюзнага актывіста Сяргея Ліпніцкага, прыносіць вялікую шкоду працоўнаму руху краіны:

– Сэнс гэтага свята не прымеркаваны да нейкага абавязковага дзеяння. Гэтае свята патрэбнае людзям, каб яны зразумелі, што маюць права аб’яднацца, каб людзі зразумелі, што яны не кожны паасобку, а агульны арганізм руху працоўных у краіне, каб паказаць, што людзі адзіныя і ў думках, і ў патрабаваннях і ў імкненнях. 

Афіцыйныя ўрачыстасці па святкаванню дня працы адбудуцца ў Гародні 1 траўня. У горадзе пройдуць шматлікія забаўляльныя мерыпрыемствы, на якія па традыцыі ў прымусовым парадку прыцягваюцца працоўныя прамысловых прадпрыемстваў, студэнты і навучэнцы сярэднеадукацыйных установаў разам з настаўнікамі.

* * *

Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў правядзенне першамайскага шэсця прадстаўнікамі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Мэтаю мерапрыемства павінна была быць абарона сацыяльна-эканамічных правоў працоўных.

Адзін з арганізатараў шэсця Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што ўлада баіцца салідарнасці простых грамадзян, таму забараніла шэсце:

 – Ну канешне, палітычны матыў ёсць і самы натуральны. Эканамічныя праблемы заўсёды “вылазяць” на палітычныя. Калі мы кажам, што ідзе скарачэнне заробкаў, скарачэнне працоўных месцаў, беспрацоўных абклалі падаткамі – гэта ж трэба такое… Звычайна багатых абкладаюць падаткамі, а беспрацоўных – гэта ўжо “беспредел”.

Заяўка на правядзенне першамайскага шэсця была пададзена ў адпаведнасці з Законам „Аб масавых мерапрыемствах Рэспублкі Беларусь”, Канстытуцыі краіны і Міжнароднага пакта „Аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

Мясцовыя ўлады адмовілі ў шэсці па прычыне яго правядзення занадта блізка ад сацыяльна-важных аб’ектаў.

Беларускае Радыё Рацыя