Берасцейцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Сяргея Пятрухіна
Адкрыты зварот па факце арыштаў і затрыманняў склалі прадстаўнікі берасцейскага абласнога аддзялення Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Так яны выказваюць свой пратэст у сувязі з хваляй рэпрэсій у берасцейскім рэгіёне, — адзначыў палітык Ігар Маслоўскі:
– Таму што да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты людзі, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Затрыманы таксама блогер, вядомы берасцеец Сяргей Пятрухін, які змешчаны ў ІЧУ. Мы ўпэўнены, што права на мірныя сходы і спрыяльнае, вольнае асяроддзе, права свабодна атрымоўваць і распаўсюджваць інфармацыю – гэта асноўныя нашы канстытуцыйныя правы.
Зварот накіраваны як да органаў улады, так і да грамадскасці. Актывісты ўпэўненыя, што павінна неадкладна адбыцца вызваленне блогера Сяргея Пятрухіна, а ўсе пацярпелыя ад рэпрэсіўных дзеянняў з боку дзяржавы за адстойванне сваіх грамадска-палітычных і экалагічных правоў павінны быць рэабілітаваныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце