„Беспакаранасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі не будзе вечнай”



Дзеля будучыні Беларусі Злучаныя Штаты Амерыкі чарговым разам заклікаюць Аляксандра Лукашэнку да адкрытага дыялогу са Святланай Ціханоўскай, беларускай грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй, заявіла часовая павераная ў справах ЗША пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Кортні Острыян, выступаючы ў пастаянным савеце АБСЕ.

Тэкст выступу 4 лютага быў апублікаваны на сайце місіі ЗША пры АБСЕ.

Паводле слоў Острыян, Злучаныя Штаты Амерыкі „вітаюць магчымасць адзначыць Дзень салідарнасці з народам Беларусі ў нядзелю, 7 лютага”, які прымеркаваны да „паўгоддзя з пачатку мірных пратэстаў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года”.

„Мы па-ранейшаму дзівімся сіле, стойкасці і мужнасці беларускага народа, які патрабуе, каб яго голас быў пачуты, — сказала яна. — Сутыкнуўшыся з ростам рэпрэсій з боку органаў дзяржбяспекі і неаб’ектыўных судоў, людзі працягнулі свой актыўны і энергічны рух, збіраючыся невялікімі групамі ў дворыках ад Гомеля да Мінска і Брэста, дыяспарамі і ў выгнанні”.

Дыпламат падкрэсліла, што рашучасць грамадзян Беларусі вызначаць сваю будучыню і свабодна выбіраць сваіх лідараў не выклікае сумневу. „Спадар Лукашэнка абвясціў, што 11 лютага правядзе Усебеларускі народны сход — сустрэчу, якая не прэтэндуе на легітымнасць, бо ў яе наўмысна не залучаюць шырокую грамадскасць або пратэстны рух і яго лідараў, у тым ліку Святлану Ціханоўскую і Каардынацыйную раду, — канстатавала Острыян. — Дзеля будучыні Беларусі мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі да адкрытага дыялогу са спадарыняй Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі, якая расце”.

На думку паверанай у справах ЗША пры АБСЕ, замест удзелу ў „штучных нацыянальных сходах” беларускім уладам „неабходна зрабіць рэальныя крокі для спынення крызісу, выкліканага фальсіфікацыямі на выбарах і працягам рэпрэсій”. Беларускія ўлады, перакананая яна, павінны „выканаць рэкамендацыі, выкладзеныя ў справаздачы Маскоўскага механізма, пададзенай прафесарам Вольфгангам Бенедэкам у лістападзе мінулага года”. Сярод іх — неадкладнае вызваленне ўсіх палітзняволеных і спыненне гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да грамадзян, „якія мірна імкнуцца да лепшай, больш дэмакратычнай будучыні”.

„На жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, — заявіла Острыян. — Незалежныя СМІ ўсё часцей становяцца мішэнню, пра што гаварылася на сустрэчы ААН па формуле Арыі ў мінулым месяцы. Журналістка tut.by Кацярына Барысевіч была арыштаваная ў лістападзе пасля таго, як яе рэпартаж выкрыў хлусню ўладаў пра смерць 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, мірнага дэманстранта, настолькі моцна збітага міліцыяй і праўладнымі цывільнымі асобамі, блізкімі да Лукашэнкі, што ён памёр у шпіталі на наступны дзень. Спадарыня Барысевіч 77 дзён знаходзіцца ў зняволенні да суда проста таму, што яна паведаміла факты. Блогер і актывіст Ігар Лосік, які нядаўна завяршыў шасцітыднёвую галадоўку, каб прыцягнуць увагу да цяжкага становішча апазіцыі ў Беларусі, ужо амаль сем месяцаў знаходзіцца ў турме паводле абвінавачання ў арганізацыі дэманстрацый перад выбарамі”.

Паводле слоў амерыканскага дыпламата, улады выкарыстоўваюць „драконаўскія метады”, каб „схаваць праўду і пазбегнуць адказнасці за парушэнні правоў чалавека”.

Злучаныя Штаты Амерыкі, сказала Острыян, як і іх партнёры і праваабарончыя арганізацыі па ўсім свеце, заклікаюць „неадкладна вызваліць амаль 200 палітвязняў у Беларусі”. Некаторыя з іх, яна звярнула ўвагу, „былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачаннях задоўга да прэзідэнцкіх выбараў”.

„Ужыванне гвалту для задушэння іншадумства, пакаранне за ажыццяўленне права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання супярэчаць абавязацельствам, узятым Беларуссю як дзяржавай — удзельніцай АБСЕ, а таксама абавязацельствам Беларусі ў галіне міжнароднага права, — падкрэсліла дыпламат. — Тыя прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі і яго органаў бяспекі, якія жорстка абыходзяцца з мірнымі дэманстрантамі, членамі апазіцыйных партый і незалежнымі журналістамі, павінны разумець, што іх цяперашняя беспакаранасць не будзе доўжыцца вечна — рана ці позна яны адкажуць за свае неправамерныя дзеянні”.

Острыян заявіла, што ЗША дзякуюць „тройцы” АБСЕ (усталяваны ў АБСЕ фармат супрацоўніцтва паміж папярэднім, дзейным і наступным старшынямі арганізацыі) за „яе прапанову спрыяць нацыянальнаму дыялогу паміж беларускімі ўладамі і палітычнай апазіцыяй”. „Мы працягваем заклікаць Аляксандра Лукашэнку прыняць прапанову „тройкі”, — сказала яна.

„Беларускі нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч неяк сказала: „Свабода — гэта не хуткае свята, як мы калісьці марылі, гэта дарога. Доўгая дарога”. З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю Злучаныя Штаты зноў заяўляюць пра гатоўнасць ісці з беларускім народам па гэтым доўгім шляху, кожны дзень, столькі часу, колькі ім спатрэбіцца для рэалізацыі сваіх спадзяванняў”, — падагульніла дыпламат.

belapan.by

Фота: twitter.com