Беспрэцэдэнтны ціск на незалежныя СМІ падчас выбараў



Па словах кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, стала сумнай традыцыяй, што падчас любой выбарчай кампаніі, асабліва прэзідэнцкай, ціск на незалежную прэсу значна ўзрастае.

Але калі раней пераслед пачынаўся напрыканцы ці пасля перадвыбарчай кампаніі, то зараз на журналістаў пачалі сур’ёзна ціснуць ад самага пачатку, як толькі была абвешчана кампанія:

– Гэта зразумела, бо наогул змянілася палітыка ўлады па правядзенні выбараў. Яны вырашылі ўжо на першым этапе не даць разгарнуцца выбарчай кампаніі. І дзеянні, якія былі супраць актывістаў накіраваныя, яны закранулі і журналістаў. Мы налічылі падчас выбарчай кампаніі каля 80 выпадкаў, калі журналістаў арыштоўвалі, затрымлівалі ці штрафавалі. І былі, як у выпадку з журналістам “Радыё Свабода”, і фізічныя ўздзеянні.

У сувязі з гэтым журналісты двойчы звярталіся да дзяржаўных органаў, да міліцыі, пракуратуры, Следчага каміэту, Адміністрацыі прэзідэнта з патрабаваннем спыніць гвалт супраць журналістаў. Першы зварот быў падпісаны Беларускай асацыяцыяй журналістаў і яшчэ больш чым 50 медыйнымі арганізацыямі. Другі зварот асабіста падпісалі больш чым 200 журналістаў. На жаль, гэтыя звароты прынцыпова сітуацыю не пераламілі, – кажа Андрэй Бастунец. Але тым не менш, ён спадзяецца, што адказныя людзі ў гэтых установах больш сур’ёзна будуць ставіцца да захоўвання правоў журналістаў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Менск