БХД абвясціла ў Беларусі год 100-годдзя хрысціянскай дэмакратыі



У Менску прайшла прэс-канферэнцыя прысвечаная 100-годдзю хрысціянскай дэмакратыі.

img_1546

У ёй ўзялі ўдзел лідары аргкамітэта па святкаванні: сустаршыні Партыі БХД Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі ды Георгій Дзмітрук, а таксама кіраўнічка менскай арганізацыі Вольга Кавалькова.

Пра план святкавання 100-годдзя БХД распавёў Павел Севярынец.

Павел Севярынец: 100 год таму, 24-25 траўня ў Менску ў будынку касцёла Свяцейшай Панны Марыі – зараз Катэдральным – адбыўся з’езд ксяндзоў Беларусі, які заснаваў Беларускую хрысціянска-дэмакратычную злучнасць, пазней і названую БХД. Свята будзе цэлы год – з ушанаваннем памяці некалькіх дзясяткаў лідараў легендарнай БХД, а таксама тых, хто адраджалі яе ў 90-х мінулага стагоддзя. Хрысціянская дэмакратыя – самая натуральная для Беларусі, бо тысячу год палітыку Беларусі вызначалі суадносіны хрысціянства і дэмакратыі. Пачынаючы з Полацкага княства з яго вечавымі традыцыямі, праз залаты век Вялікага княства, Рэч Паспалітую і Беларускае Адраджэнне. Само БХД дзейнічала ў Заходняй Беларусі. Яна была адзінай партыяй, якая выступала за незалежнасць Беларусі. Левыя тады выступалі за яднанне з БССР, за ўваход у Савецкі Саюз. Правыя ці за згоду з Польшчай, ці з Нямеччынай. А БХД падымала сцяг БНР – сцяг Незалежнасці. І яшчэ штрых. З 50 лідараў БХД 32 прайшлі праз пекла ГУЛАГа і многія былі там закатаваныя. У нас запланаваныя мерапрыемствы ў 60 гарадах і мястэчках Беларусі, выданне двух кніг.

img_1547

Віталь Рымашэўскі: У траўні будзе нечарговы, але святочны з’езд БХД. Традыцыйна будзем падаваць дакумент на рэгістрацыю – чарговы тэст для рэжыму напярэдадні мясцовых выбараў.

РР: 100 год – гэта каляндарны цыкл зямнога чалавечага існавання, нібы, ваша другое нараджэнне. Якія новыя формы, метады дзейнасці думаеце ўжыць?

Павел Севярынец: Інфармкампанія ў сацыяльных сетках, будуць праводзіцца “партыйныя” экскурсіі ў Беласток, Сакольшчыну, Варшаву, а таксама Піцербург і Вільню – па месцах дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў. У Беларусі гэта Ашмянскі, Смаргонскі раёны, Полаччына, Глыбоччына, Браслаўшчына з набажэнствамі, усталяваннем крыжоў. Да прыкладу, 19 студзеня вечарына, прысвечаная 130-годдзю Яна Пазьняка – дзеда Зянона Пазьняка ў Суботніках.

Віталь Рымашэўскі: Што датычна падыходаў БХД, мы не дзелім беларусаў на сваіх і чужых. У выбарах трэба браць удзел не дзеля “партфеляў”, а каб бараніць інтарэсы людзей “тут і цяпер”. Гэты лозунг узяты на ўзбраенне ўсёй правацэнтрысцкай кааліцыяй. Спадзяемся сёлета і расці колькасна.

img_1544

На сёння Партыя БХД аб’ядноўвае чатыры тысячы сябраў па ўсёй краіне. Гэта ўдвая больш, чым на золку існавання. У тым ліку, “партыйцамі” з’яўляюцца дзеясяткі праваслаўных святароў.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск