БХД ізноў абскарджвае адмову ў рэгістрацыі
Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя абскардзілі ў Вярхоўным судзе чарговую адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць партыю.
Па словах сустаршыні аргкамітэта Паўла Севярынца, ілюзіяў наконт таго, якое рашэнне будзе прынятае, няма. Але абскардзіць беззаконне было неабходна:
– Па-першае, для таго, каб зафіксаваць гэта для гісторыі, па-другое, каб мець юрыдычную абарону яшчэ два месяцы. Мінюст адмовіў нам абсалютна незаконна. Некалькіх чалавек, супраць якіх ужываліся рэпрэсіі, выдалілі са спісу, і на гэтай падставе нам адмаўляюць у рэгістрацыі. Мы пішам у Вярхоўны суд, што гэта беззаконне, патрабуем зарэгістраваць Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.
Па словах Паўла Севярынца, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе няма зарэгістраванай хрысціянскай дэмакратычнай партыі. Увогуле, у рэгістрацыі БХД улады адмаўляюць ужо пяты раз. А калі лічыць разам з мясцовымі ці моладзевымі аб’яднаннямі БХД, то такіх адмоваў ўжо 19. „Лічбы, вартыя кніг рэкордаў Гінеса. Заяўку туды мы ўжо накіравалі,” – кажа Павел Севярынец.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bel.sputnik.by