БХД не будзе вылучаць свайго кандыдата
Кандыдата на прэзідэнцкія выбары аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя вылучаць не збіраецца. Пра гэта заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі па выніках Рады БХД. Але весці супрацу з іншымі партыямі і рухамі палітычнай структуры падчас прэзідэнцкай кампаніі ўсё ж плануе.
– Ва ўмовах адсутнасці адзінага кандыдата на гэтых прэзідэнцкіх выбарах беларускія хрысціянскія дэмакраты прынялі рашэнне не вылучаць свайго кандыдата, але супрацоўнічаць з тымі дэмакратычнымі сіламі, з грамадскімі дэмакратычнымі арганізацыямі, якія блізкія па мэтах і поглядах да нас.
Таксама БХД плануе сабраць подпісы за вылучэнне ў кандыдаты на прэзідэнта Міколы Статкевіча, каб прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі, а таксама подпісы за рэфармаванне сістэмы аховы здароўя. Акрамя таго, хрысціянскія дэмакраты збіраюцца правесці кампанію за свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі, як паведаміў Віталь Рымашэўскі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя