БХД выступае за спыненне вайсковых канфліктаў (абноўлена)
Кіраўніцтва аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” падало заяўкі на правядзенне пікетаў 28 жніўня каля дыпламатычных прадстаўніцтваў Расеі і Ірака ў Менску. Заўкі на пікеты падалі адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі ды каардынатары менскай гарадской і абласной арганізацыі аргкамітэта партыі Вольга Кавалькова і Павел Пракаповіч.
“Галоўная мэта пікету – патрабаванне міру і спынення вайсковых канфліктаў,” – адзначае Дзяніс Садоўскі.
– Мэта гэтых пікетаў – супраць вайны і за мір. Супраць вайны ва Украіне, якую развязвае Расейская Федэрацыя, і супраць агрэсіі, якую яна з кожным днём толькі павялічвае.
“Каля амбасады Ірака будзем патрабаваць тэрміновага спынення генацыду і пераследу хрысціянаў,” – кажа Дзяніс Садоўскі.
– Другі пікет пройдзе ў абарону хрысціянаў у Іраку, дзе зараз адбываюцца рэпрэсіі супраць іх і ісламісты распачынаюць новую вайну. Таму хочам прыцягнуць увагу людзей у Беларусі, дзе гэтае пытанне ніяк не абмяркоўваецца. А там таксама забіваюць тысячы людзей. Таму хочам звярнуць увагу насельніцтва на рэпрэсіі ў дачыненні да хрысціян у Іраку.
Як адзначыў Дзяніс Садоўскі, даты пікетаў вельмі сімвалічна супадаюць з набліжэннем 75-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, якая таксама распачалася з папушчальніцтвам сусветнымі лідарамі дзеянняў краінаў-агрэсараў – Нямеччыны, Італіі і Японіі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bchd.info